Навіны

Цяпер можна амаль з упэўненасьцю казаць, што Аляксандар Лукашэнка не паедзе на саміт Усходняга партнэрства ў Рызе

Нават калі да афіцыйнага запрашэньня на адрас дзяржавы дададуцца сыгналы, што менавіта цяпер яго там хацелі б бачыць. Заява МЗС Расеі наконт антырасейскага характару саміту абазначае «чырвоную лінію», якая акрэсьлівае межы палітычнага манэўраваньня афіцыйнага Менску.

Варта прыгадаць, што рэакцыяй Масквы на папярэднія саміты Партнэрства было ў найгоршым выпадку бурчэньне. Так было нават у 2013 годзе, калі на саміце ў Вільні прымаліся сапраўды надзвычай важныя рашэньні: менавіта там Грузія і Малдова падпісалі пагадненьні аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Дый з Украінай у Вільні ледзь не да апошняга моманту заставалася імавернасьць падпісаньня адпаведнага пагадненьня. Між тым пра антырасейскі характар Віленскага саміту МЗС РФ тады не казаў, ён і словаў такіх тады не ўжываў.

Цяпер жа, калі меркаваць паводле праекту выніковай дэклярацыі Рыскага саміту, ніякіх прарываў на ім чакаць не выпадае. Гледзячы па ўсім, Украіна і Грузія не атрымаюць там бязьвізавага рэжымы з краінамі ЭЗ. А калі б і атрымалі, то антырасейскім крокам гэта можна лічыць толькі ў вельмі спэцыфічным стане сьвядомасьці. Але, відаць, такі стан і ёсьць, калі саміт выклікае гнеўны рык з будынку на Смаленскай плошчы.

Так выглядае, што справа насамрэч ня ў нейкіх пунктах парадку дня, а ў зьмене расейскага бачаньня сьвету. Цяпер для расейскага кіраўніцтва Захад, у тым ліку і Эўропа — калі ня вораг, то праціўнік. І ў Рыскім саміце раздражненьне выклікае самы факт яго правядзеньня, сустрэча найвышэйшых асобаў ворага з найвышэйшымі асобамі краінаў, якія з пункту гледжаньня Расеі ўваходзяць у яе сфэру ўплыву. І без Расеі. Расея там чужая. Значыць, супраць Расеі. Так цяпер у афіцыйнай Маскве бачаць сьвет.

Праўда, можна запярэчыць, што Лукашэнка дэманструе цёплыя адносіны зь цяперашнім украінскім кіраўніцтвам, дастаткова прыгадаць ягоныя словы, сказаныя ў Кіеве Парашэнку — зробім усё, што папросіш. Вось днямі беларускі кіраўнік быў у Тбілісі, які, нагадаем, ня мае з Расеяй нават дыпляматычных стасункаў. Ды яшчэ пры гэтым зрабіў шэраг заяваў, якія пры жаданьні можна інтэрпрэтаваць як адмаўленьне незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Прынамсі, грузінскі бок, гледзячы па ўсім, менавіта гэтак іх і інтэрпрэтаваў.

Калі можна пярэчыць расейскай палітыцы у Кіеве і Тбілісі, то чаму нельга ў Рызе? Але нельга. І справа тут ізноў у расейскай карціне сьвету. Уся постсавецкая прастора для Расеі — гэта сваё і свае. Малодшыя браты. Ці нават дзеці. Дзеці могуць бунтаваць супраць бацькоўскага аўтарытэту, ладзіць нават нейкія камбінацыі ў гэтых бунтах — шкада, зразумела, але сямейная справа.

Трэба сказаць, што такое ўяўленьне пра спэцыфічнасьць постсавецкай прасторы, асабліва калі браць стасункі зь Беларусьсю, не зусім пазбаўленае рацыі. Калі апошні раз якая б то ні было краіна гэтай прасторы асуджала парушэньне правоў чалавека ў Беларусі? Нават з тых, што падпісалі асацыяцыю з ЭЗ і маюць стратэгічнай мэтай эўраінтэграцыю. Нешта не прыгадваецца. Ну а пра далучэньне да эўрапейскіх санкцый адносна Беларусі з боку гэтых краінаў і гаворкі няма. Ну што вы, як можна, у іх жа свае інтарэсы. А ў Эўразьвязу іх няма? Украіна ці Малдова ня могуць раздражняць беларускага кіраўніка папрокамі, каб не папсаваць эканамічныя стасункі, а, скажам, для Польшчы ці Літвы гэтыя стасункі хіба абыякавыя?

У Эўразьвяз Лукашэнку шлях заказаны, а вось у эўраарыентаваную Грузію — калі ласка. І малдоўскім парлямэнтарам падпісаць пару гадоў таму пагадненьне аб супрацы з Нацыянальным сходам Беларусі — таксама калі ласка. Эўраінтэграцыі гэта, відаць, не перашкаджае. Дакладней, эўраінтэграцыя адмовы ад гэтага не вымагае. Ну і сапраўды ж у пэўным сэнсе свае, прынамсі, адны адным.

А вось калі камбінацыі ладзяцца з чужымі, з ворагамі — гэта ўжо, з пункту гледжаньня Масквы, здрада, пагроза жыцьцёвым інтарэсам Расеі. Ну а за супрацоўніцтва з ворагам…

Так што паездка Лукашэнкі ў Рыгу на саміт — гэта быў бы выклік Маскве зусім іншага ўзроўню і небясьпекі, чым любыя манэўры на постсавецкай прасторы. Тым больш, што вялікага жаданьня бачыць беларускага аўтарытарыя ў сваёй кампаніі з таго боку таксама няма. Ён можа і рызыкнуў бы, калі б рызыку яму аплацілі. Ня толькі запросінамі, але і кампэнсацыяй фінансавых стратаў ад гневу Масквы. Гэта нехта зьбіраецца рабіць? Неяк не выглядае. Ну, могуць нешта падкінуць праз МВФ напрыклад, але ці кампэнсуе гэта страты на ўсходнім накірунку? Да таго ж у год выбараў будуць ветліва раіць правесьці выбары больш-менш прыстойна. Што ў сваю чаргу спараджае дадатковыя рызыкі.

Да ўсяго ёсьць адзін чыста практычны момант. Не сказаць, каб праект дэклярацыі саміту надта бэсьціць Расею за яе палітыку ва Ўкраіне, але пару асьцярожных словаў асуджэньня тэкст усё ж утрымлівае. Інакш зь ім не маглі б пагадзіцца ўкраінцы. Але як з гэтымі словамі пагадзіцца Лукашэнку, як паставіць свой подпіс пад супольным з Эўропай асуджэньнем Расеі? Ехаць у Рыгу, каб не падпісаць дэклярацыю і бразнуць дзьвярыма? А Лукашэнку гэта трэба? Можа і так, але ці трэба гэта гаспадарам і іншым удзельнікам саміту? Вобраз Партнэрства, і без таго ня надта чароўны, скандал у любым выпадку не ўпрыгожыць.

Так што ў дадзеным выпадку інтарэсы Крамля і Эўразьвязу, каб Беларусь у Рызе не была прадстаўленая на найвышэйшым узроўні, дзіўным чынам супадаюць. І на заканчэньне — некалькі словаў пра звышмэту заляцаньняў афіцыйнага Менску да Захаду, якую мы назіраем апошнія гады. Так выглядае, што гэтая мэта — ня Захад і не стасункі зь ім, а Масква.

Гэта як у сямейным жыцьці: муж больш клапоціцца пра жонку, калі на яе заглядаюцца іншыя мужчыны. Ну і наадварот. Наяўнасьць у аднаго партнэра альтэрнатыўных варыянтаў, нават калі ён зусім не зьбіраецца імі карыстацца, прымушае іншага партнэра рабіць дадатковыя высілкі, каб і спакусы не было. Праўда, часам гэтыя высілкі азначаюць удар у вока — ну, рызыка ёсьць.

Флірт Лукашэнкі з Захадам — нешта падобнае на такія гендэрныя стратэгіі, балянс паміж рызыкай атрымаць у вока і шанцам на каштоўныя падарункі і ласку.

Юры Дракахрустsvaboda.org