Пасьля адкрытага ліста на волю пошта ад Мікалая Дзядка замарудзілася

Палітвязень Мікалай Дзядок рыхтуецца да разгляду ягонай скаргі на прысуд, якім яму дадалі яшчэ год да ўжо адбытага пакараньня. Мікалай Дзядок падаў заяву, каб прысутнічаць на разглядзе скаргі. Ці задаволяць заяву?

«Звычайна гэтага не дазваляюць, бо працэс адбываецца не ў турме, а ў нейкім кабінэце ў судзе. Таму пакуль невядома, ці будзе ён прысутнічаць», — кажа жонка палітвязьня Валерыя Хоціна.

Валерыя Хоціна распавяла пра падрыхтоўку мужа да разгляду скаргі.

«30 красавіка ўжо будзе суд па ягонай скарзе. Днямі да яго паедзе адвакат, каб узгадніць пазыцыі. Калі скаргу не задаволяць, то прыкладна праз тыдзень прысуд уступіць у сілу і яго перавязуць у іншую калёнію, дзе ён будзе адбываць гэты дадатковы год».

У канцы сакавіка мэдыі надрукавалі адкрыты лістМікалая Дзядка, у якім палітвязень заклікаў прадстаўнікоў грамадзкасьці дамагчыся скасаваньня практыкі ўжываньня 411-га артыкула Крымінальнага кодэксу, з дапамогай якога асуджаюць на дадатковыя тэрміны вязьняў, якія змагаюцца за свае правы. У сваім звароце Мікалай Дзядок выказаў спадзяваньне, што стане апошнім, адносна каго ў Беларусі ўжылі гэты артыкул.

Паводле Валерыі Хоцінай, зьяўленьне гэтага ліста спрычынілася да новых праблемаў з умовамі ўтрыманьня Мікалая Дзядка.

«Збольшага стала меней ад яго лістоў. Ці яны даўжэй ідуць. Мяркую, гэта ўсё зьвязана зь ягоным публічным лістом, бо пасьля таго, як ён зьявіўся ў друку, да Мікалая павялічылася ўвага. Былі праблемы зь перадачай, калі я езьдзіла на спатканьне. Тады ён сказаў, што ўвогуле за ім цяпер больш назіраюць і пільней сочыць цэнзура за ягонай поштай. А так сядзіць дагэтуль адзін і задаволены тым, што не сядзіць зь дзесяцьцю чалавекамі, якія кураць. Былі праблемы са страўнікам, на месяц у яго была дыета, цяпер яна скончылася. Але пакуль дапамагаюць перадачы, бо калі ён быў на ўмовах СІЗА, дык мы маглі перадаваць больш харчоў. У цэлым ён адчувае сябе бадзёра. Скажам так, што гатовы да новага тэрміну. Сказаў, што псыхалягічна ўжо прызвычаіўся да думкі, што яшчэ год трэба будзе пратрымацца».

__________________________________________________

Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок быў пакараны чатырма з паловаю гадамі зьняволеньня за хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў, пры гэтым віны не прызнаў і адмовіўся прасіць аб памілаваньні. На пачатку сакавіка тэрмін Дзядка меўся скончыцца, але за тыдзень да таго ў турме над Мікалаем Дзядком правялі новы суд, які асудзіў палітвязьня яшчэ на год зьняволеньня нібыта за парушэньні турэмнага рэжыму. Мікалай Дзядок не пагадзіўся з прысудам і падаў касацыйную скаргу, якая будзе разгледжаная 30 красавіка ў Менскім абласным судзе.

Апошнія амаль 2 гады палітвязьня трымалі ў крытай турме ў Магілёве як злоснага парушальніка рэжыму.

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода