Цыклічная здрада

У гандлі беларускім суверэнітэтам можна заўважыць пэўную цыклічнасць, звязаную з прэзідэнтскімі “выбарамі”.

Крамлёўскі пакупнік звычайна актывізуецца ў апошні год перад імі, бо лічыць, што падчас “выбараў” беларускі “перасідэнт” робіцца найбольш уразлівым. Пачынаецца інфармацыйны і фінансавы ціск на прадаўца. Той уступае ў гандаль і пачынае нахвальваць тавар, клясціся, што нікому і ніколі яго не прадасць.

Акрамя падвышэння цаны незалежнасці, тыя клятвы маюць на мэце яшчэ і супакоіць патрыятычную частку грамадства. Каб яна не паднялася і не сапсавала звыклую хаду “выбарчага” рытуала.Бо за дэмакратыю беларусы пакуль былі не вельмі гатовыя рызыкаваць. А за незалежнасць могуць і камянём, калі не болей. Даказана.

Напружанне расце амаль да пачатку галасавання. І тады на першае месца для прадаўца пачынае выходзіць лаяльнасць “сілавікоў”, іх гатоўнасць бараніць яго ад удзячнага народа.

Праблема ў тым, што легітымнасць і ўстойлівасць улады “перасідэнта” ў вачах “праваахоўнікаў” залежыць ад яго падтрымкі Масквой. Менавіта такіх ён сам адбіраў і такімі выхоўваў.

Таму тыдні за паўтары да асноўнага дня галасавання “перасідэнт” едзе ў Маскву здавацца. Там, па мясцоваму звычаю, яму ў адказ літасціва даюць ярлык на чарговыя 5 гадоў праўлення. Дэталі здрады робяцца вядомымі пазней. Але “сілавікам” сігналаў з Крамля дастаткова, каб звыкла пусціць у ход дубінкі супраць незадаволеных ‘выбарамі” без выбару.

Невядома, ці паўторыцца гэты цыкл здрады зараз. Ці не адбудзецца продаж раней. З аднаго боку, мала што ўжо засталося прадаваць. Яшчэ крыху, і ад беларускага суверэнітэту застануцца толькі былыя савецкія герб і гімн.

Але, з другога боку, Крамлю як ніколі раней патрэбен суверэнітэт Беларусі цалкам.

У любым выпадку, патрыёты павінны быць напагатове. Нікога не павінны супакойваць клятвы прафесійнага гандляра суверэнітэтам у адданасці нашай незалежнасці.

Ніхто апроч нас не абароніць Беларусь. Вельмі небяспечна проста чакаць вынікаў гандлю нашай краінай да завяршэння “выбараў”. Цыкл здрады будзем перарываць раней.

Мікалай Статкевіч