Беларускі Нацыянальны Кангрэс

Да Кангрэса: Рэзалюцыя: "Пазіцыя Кангрэса адносна "парламенцкіх выбараў" (праект)

Кангрэс адзначае, што кіруючы рэжым добраахвотна не пагодзіцца на дэмакратызацыю выбарчага заканадаўства. Кангрэс з разуменнем ставіцца да тых, хто не жадае ўдзельнічаць у так званых выбарах. Разам з тым аб удзеле ў гэтай палітычнай кампаніі заявіла большасць дэмакратычных партый і арганізацый, якія збіраюцца скласці болей за пяць асобных выбарчых спісаў. Кангрэс лічыць безадказным, калі ў большасці акругаў аднаму кандыдату ад улады будуць супрацьстаяць па некалькі апазіцыйных кандыдатаў, якія расцягнуць галасы пратэстнай большасці і ўкрадуць перамогу самі ў сябе нават без фальсіфікацый. Такая сітуацыя можа прывесці да яшчэ большага зніжэння аўтарытэту дэмакратычных сілаў і росту апатыі ў грамадстве. Каб зменшыць негатыўныя наступствы канкурэнцыі апазіцыйных кандыдатаў паміж сабой, Кангрэс даручае Радзе вызначыць і абвесціць адзіны спіс дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты па наступных прынцыпах:

1. Прэтэндэнты на ўваходжанне ў адзіны спіс павінны пісьмова звярнуцца ў Раду Кангрэсу з адпаведнай заявай пра тое, што іх агітацыйная кампанія будзе грунтавацца на прынцыпах дэмакратыі, дзяржаўнасці і незалежнасці Беларусі.

2. Прэтэндэнты, якія прапанаваныя рэгіянальнымі кааліцыямі дэмакратычных сілаў, аўтаматычна ўключаюцца ў адзіны спіс Кангрэсу на тую акругу, на якую былі прапанаваныя.

3. Калі на адну выбарчую акругу ёсць некалькі прэтэндэнтаў, ніводзін з якіх не атрымаў падтрымкі мясцовай кааліцыі дэмакратычных сілаў, то рашэнне па ўключэнні ў спіс аднаго з іх прымае Рада Кангрэсу.

4. Рада кангрэсу садзейнічае кандыдатам з адзінага спісу ў іх вылучэнні, аказвае ім палітычную, інфармацыйную ды іншую дапамогу.

Кангрэс лічыць мэтазгодным скарыстаць чаговыя “парламенцкія выбары” дзеля кансалідацыі і павышэння аўтарытэту дэмакратычных сілаў, палітызацыі грамадства, папулярызацыі сваёй праграмы вываду краіны з крызісу, выяўлення і падрыхтоўкі новых палітычных лідараў і актывістаў.

Кангрэс патрабуе ад улады правядзення свабодных і справядлівых выбараў, даручае

Радзе арганізацыю мірных акцый пратэсту ў выпадку фальсіфікацыі іх вынікаў.

  

г. Мінск                                                                                      15.05.2016 г.