Да Кангрэса: ЗВАРОТ АРГКАМІТЭТА КАНГРЭСА ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ ДА СЯБРАЎ І ПРЫХІЛЬНІКАЎ БЕЛАРУСКІХ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПАРТЫЙ І РУХАЎ
Асноўнай мэтай правядзення сёлетняга Кангрэса Дэмакратычных сілаў ёсць аб’яднанне беларускай дэмакратычнай апазіцыі. Гэты працэс, ініцыяваны 17 снежня 2015 года зваротам вядомых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі да лідэраў і актывістаў апазіцыі, быў падтрыманы стварэннем Аргкамітэта Кангрэса Дэмсілаў (КДС), які пачаў фармавацца 18 снежня 2015 года.
Перамовы з кіраўніцтвам БСДП(Г), партыі БНФ, БХД, АГП і рухам “За свабоду”, на жаль, не прывялі да ўваходжання ў аргкамітэт упаўнаважаных прадстаўнікоў пералічаных дэмакратычных структураў. Пры гэтым Аргкамітэт КДС заўжды гатовы ісці на кампрамісы з іншымі дэмакратычнымі палітычнымі суб’ектамі дзеля супольнага правядзення Кангрэса.
Адначасна, шараговыя сябры дэмакратычных партый падтрымліваюць ідэю аб’яднання апазіцыі, усведамляючы, што гэта патрабаванне сенняшняга дня. Гэта выразна прадэманстравалі сустрэчы сябраў Аргкамітэта КДС з актывістамі апазіцыйных партый і рухаў у Маладэчна, Слоніме, Смаргоні, Бабруйску, Наваполацку, Віцебску і Магілеве.
Каб пазбегнуць канфрантацыі паміж кіраўніцтвам дэмакратычных партый і рухаў, якія не ўвайшлі ў Аргкамітэт КДС, і актывістамі, якія абгрунтавана падтрымліваюць неабходнасць аб’яднання апазіцыі, Аргкамітэт КДС прапануе зрабіць наступныя захады пры правядзенні Кангрэса Дэмакратычных Сілаў:
1. Прадугледзіць у пастаянна дзейнай каардынуючай структуры аб’яднанай апазіцыі, якая будзе створана на Кангрэсе, месцы для дэмакратычных партый і рухаў, кіраўніцтва якіх пакуль не падтрымала зварот беларускай інтэлігенцыі да аб’яднання апазіцыі;
2. Вылучэнне прадстаўнікоў ад партый і рухаў у гэтую структуру павінна ажыццяўляцца кіраўніцтвам саміх гэтых партый і рухаў;
Аргкамітэт КДС заклікае актывістаў усіх дэмакратычных партый і рухаў да вылучэння дэлегатаў на Кангрэс Дэмакратычных Сілаў, які адбудзецца ў сярэдзіне траўня 2016 года ў Менску.
Шанец беларускаму народу на мірныя перамены могуць даць толькі аб’яднаныя дэмакратычныя сілы!
Разам мы – пераможам!
Жыве Беларусь!
04.04.2016 г.
г. Менск.