Статкевіч: Аб'яднаная апазіцыя зможа супрацьстаяць апалагетам «расейскага свету»
Магілёўцы падтрымалі ідэю правядзення Кангрэсу дэмакратычных сілаў.
Пераважная большасць магілёўцаў, якія прыйшлі 2 красавіка на сустрэчу з Мікалаем Статкевічам, падтрымалі ідэю аб\’яднання апазіцыі і правядзення Кангрэсу дэмакратычных сілаў, піша БелаПАН.
Як заявіў на сустрэчы Мікалай Статкевіч, сённяшні стан апазіцыі, пры якім яна сама сябе нейтралізавала, выгадны ўладам, бо дазваляе выкарыстоўваць палітычных апанентаў і маніпуляваць імі. Разам з тым, мяркуе палітык, краіна стаіць напярэдадні драматычных падзей, бо ўлада вычарпала свой рэсурс, усё больш залазіць у кішэню грамадзян, уводзіць вар\’яцкія падаткі, не зважаючы на працягласць жыцця, павялічвае пенсійны ўзрост. Цяперашняе кіраўніцтва краіны не можа нічога, акрамя вымантачвання ўсё новых і новых крэдытаў, заявіў ён.
Для таго каб вывесці краіну са «спаўзання ў яму», апазіцыя павінна аб\’яднацца, сказаў Статкевіч, дадаўшы таксама, што менавіта аб\’яднаная апазіцыя зможа супрацьстаяць апалагетам так званага «расейскага свету», ахвотным інкарпараваць Беларусь у Расею. «Гэта будзе сігнал Пуціну: калі ён захоча паставіць сюды кагосьці больш згаворлівага замест сваёй сварлівай марыянеткі, то сутыкнецца з намі», – сказаў Статкевіч.
Ён распавёў, што спробы аб\’яднання досыць даўно рабіліся ў Менску на ўзроўні кіраўніцтва іншых палітычных партый, аднак шэраг лідараў на практыцы не падтрымалі гэтую ідэю, таму арганізатары кангрэса пастанавілі пагутарыць непасрэдна з людзьмі ў рэгіёнах. Паводле ягоных слоў, чым далей ад Менска, тым больш разумення знаходзяць арганізатары кангрэса.
У Магілёве ідэю правядзення кангрэса падтрымалі прыблізна 40 чалавек з больш як 50 удзельнікаў сустрэчы.
Аднак праз некаторы час пасля заканчэння сустрэчы шэрагу магілёўскіх незалежных журналістаў на электронную пошту прыйшло паведамленне, у якім сцвярджалася, што «Магілёў не падтрымаў Статкевіча» і адхіліў ягоныя прапановы аб мэтазгоднасці правядзення Кангрэсу дэмакратычных сіл. Пра гэта нібыта карэспандэнту незалежнага сайта Gorad.by паведамілі ўдзельнікі сустрэчы, відэа з якімі было размешчанае на YouTube.
Аднак рэдактарка Gorad.by Ганна Ільіна заявіла, што рэсурс не мае ніякага дачынення да стварэння і распаўсюду гэтага паведамлення.