Да Мікалая Статкевіча не пускаюць адваката.
На працягу двух дзён да Мікалая Статкевіча не можа патрапіць адвакат.
Аб гэтым паведаміла жонка палітыка, Марына Адамовіч на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Яна напісала, што ўчора адвакат не здолеў патрапіць да Мікалая Статкевіча на працягу шасці з паловай гадзін. У сустрэчы адмаўлялі пад любымі надуманымі падставамі. У той жа час на тэрыторыю свабодна праходзілі іншыя наведвальнікі.
Сёння сітуацыя паўтарылася. У сустрэчы было катэгарычна адмоўлена.
Гаворыць Марына Адамовіч:
“26 верасня ў судзе Ленінскага раёна Мінска суддзя Камушкін вынес пастанову аб прыцягненні Мікалая Статкевіча, які зараз адбывае адміністрацыйны арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, да адміністратыўнага арышту тэрмінам на 5 сутак за ўдзел у акцыі 8-га верасня супраць вайсковых вучэнняў “Захад 2017”.
Мой муж не быў дастаўлены ў суд, па-першае, па-другое, судовы працэс, у парушэнне закона, усё ж адбыўся без яго удзелу, адпаведна, ён не мог ажыццяўляць сваю абарону.
Устаноўлены Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях тэрмін на абскарджванне пакарання ў выглядзе арышту складае пяць сутак.
Два дні з гэтых пяці сутак да Мікалая ўжо не дапусцілі адваката. Проста, без тлумачэнняў. Верагодна, у дачыненні да Статкевіча існуюць нейкія іншыя законы ці артыкулы Канстытуцыі, якія не дазваляюць такім “праваахоўнікам” элементарна выконваць закон? Прыйшлося задаць ім гэтыя пытанні ў пісьмовай форме. Бо, калі будуць адказваць, то, хаця б, закон пачытаюць, прававую культуру, хаця б, павысяць”