Да святара дагэтуль не вывелі…
Больш, чым праз месяц пасля візіту апостальскага нунцыя арцыбіскупа Клаўдзіа Гуджэроці, Мікалаю Статкевічу ўсё яшчэ не дазволілі сустрэцца са святаром.
Як паведаміў у лісце палітвязень, кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах-2010 Мікалай Статкевіч, яго дагэтуль не вывелі да праваслаўнага святара.
Пра адмову ў спатканні са святаром Мікалай Віктаравіч гаварыў пры сустрэчы з арцыбіскупам Клаўдзіа Гуджэроці. Тады ж адміністрацыя турмы ў чарговы раз паабяцала яму перапыніць парушэнне гэтага права, пры гэтым ізноў скарыстоўваўся шантаж і пагрозы. Але на момант напісання ліста, праз месяц пасля сустрэчы з нунцыям, да святара палітвязня Статкевіча так і не вывелі — святар, са словаў прадстаўнікоў адміністрацыі турмы, «у камандзіроўцы».
25 кастрычніка, як паведаміў Мікалай Статкевіч, у турме, нарэшце, ўключылі ацяпленне. Пры гэтым, камера, у якой утрымліваецца кандыдат на прэзідэнта-2010 Мікалай Статкевіч, «у адрозненне ад турэмнага рэыма, з каменнай падлогай, і зімой тут не вельмі камфортна».
Жонка палітыка Марына Адамовіч кажа, што ён утрымліваецца ў памяшканні СІЗА, дзе, верагодна, адмыслова зроблена ўсё, каб чалавек адчуваў сябе максімальна цяжка і непрытульна, лягчэй паддаваўся ўздзеянню, «ламаўся»… «Цяжка ўявіць сабе бетонную клетку, дзе няма сонечнага святла, не бачна неба і дрэваў, і нават пад нагамі толькі бетон. І ўсё гэта — 24 гадзіны ў суткі, штодня, на працягу ўжо 9 месяцаў. А з улікам таго, што адбывалася ў Шклове, то амаль год…», — кажа Марына.
Нагадаем, што 12 студзеня 2011 года рашэннем шклоўскага раённага суда Мікалай Статкевеч быў асуджаны да пераводу на турэмны рэжым тэрмінам на 3 гады, як «не стаўшы на шлях выпраўлення злосны парушальнік рэжыму адбыцця пакарання». У той жа дзень ён быў этапаваны ў Магілёў, у турму №4.