« Да вызвалення Мікалая Аўтуховіча застаецца менш месяца

Восьмага красавіка на волю мае выйсці палітычны вязень Мікалай Аўтуховіч. Ваўкавыскі прадпрымальнік, ветэран афганскай вайны быў асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы зняволення за захоўванне пяці патронаў да паляўнічай зброі.

Як лічыць сам вязень – за змаганне з карупцыяй ва ўладзе. Дома яго чакае сям’я, і, найперш, маці, з якой у кантакце знаходзіцца сябра вязня Аляксандр Сезень:

Мама яго чакае, хвалюецца. Пераказвала для яго прывітанні. Яна цяпер у вёсцы, выхоўвае ўнукаў. Магчыма, і ў турму неяк даходзіць гэта інфармацыя. Мікалай усё ж спадзяецца, што ўлада ў дачыненні да яго не будзе чыніць правакацый і 8 красавіка ён выйдзе на волю.

Мікалай Аўтуховіч цяпер адбывае пакаранне ў Гарадзенскай крытай турме №1, пачаткова знаходзіўся ў калоніі №5 у Івацэвічах. У час зняволення вязень падвяргаецца няспыннаму ціску, шмат разоў узнікалі пагрозы не толькі для яго здароўя, але і для жыцця.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя