Да якой мяжы будзе адбывацца пацяпленьне адносін Беларусі з Захадам?

Менск наведала кіраўніцтва АБСЭ. Пра што сьведчыць высокі ўзровень дыпляматычных кантактаў? Ці сапсуюць адносіны Беларусі з Захадам прэзыдэнцкія выбары? Як паўплывае на Беларусь ваенна-палітычнае напружаньне паміж Расеяй і Захадам?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску і дырэктар Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў з Варшавы.

Інтэнсыфікацыя дыпляматычных кантактаў паміж Беларусьсю і Захадам

Валер Карбалевіч: «Апошнім часам узровень дыпляматычных кантактаў кіраўніцтва Беларусі з прадстаўнікамі заходніх структур павялічваецца. Упершыню за пяць гадоў Менск наведалі генэральны сакратар АБСЭ Лямбэрта Заньер і дырэктар Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ Міхаэль Георг Лінк. Пра што гэта сьведчыць?

Таксама варта зьвярнуць увагу, што Аляксандар Лукашэнка прыняў амбасадара ФРГ у Беларусі Вольфрама Мааса. Беларускі кіраўнік рэдка сустракаецца адмыслова з амбасадарамі. Мабыць, гэта пэўны жэст у бок Нямеччыны?»

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў: «Я б ня стаў пераацэньваць гэты візыт генэральнага сакратара АБСЭ. Гэта такая тэхнічная, апаратная постаць. Палітычны кіраўнік гэтай арганізацыі кожны год мяняецца, ён прадстаўляе тую краіну, якая па чарзе старшынюе ў АБСЭ. Гэтая арганізацыя ня вельмі ўплывовая. Думаю, галоўнае пытаньне, якое кіраўнікі АБСЭ абмяркоўвалі ў Менску, — гэта пытаньне прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Што тычыцца сустрэчы Лукашэнкі з Маасам, то варта адзначыць, што кіраўнік Беларусі адмыслова з заходнімі амбасадарамі не сустракаецца. За выключэньнем амбасадара Нямеччыны. У пэрыяд адлігі паміж Беларусьсю і Захадам 2008–2010 гадоў Лукашэнка тройчы сустракаўся з тагачасным нямецкім амбасадарам Вайсам. Бо беларускія ўлады лічаць Нямеччыну лякаматывам ЭЗ».

Павал Вусаў

Павал Вусаў: «Выглядае на тое, што ЭЗ гатовы пайсьці на новы дыялёг („дыялёг-2“) зь Беларусьсю. На тле канфлікту з Расеяй Захад гатовы паспрабаваць прывабіць Лукашэнку. Дзеля гэтага трэба, каб у Беларусі прайшлі мінімальна дэмакратычныя выбары. Слова „мінімальна“ тут дарэчы. Бо ад плянаў пабудовы тут, на постсавецкай прасторы, дэмакратыі Захад адмовіўся. І АБСЭ рыхтуецца — не скажу прызнаць выбары, але зьмякчыць падыходы да рэжыму Лукашэнкі».

Ці сапсуюць адносіны Беларусі з Захадам прэзыдэнцкія выбары?

Карбалевіч: «Вось пагаворым пра тое, якім чынам прэзыдэнцкія выбары паўплываюць на адносіны Беларусі з Захадам. З ранейшага досьведу можна зрабіць выснову, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі заўсёды заканчваліся пагаршэньнем адносін Менску з ЭЗ і ЗША.

А што цяпер? Вось кіраўніца ЦВК Ярмошына пасьля сустрэчы з дырэктарам БДІПЧ Лінкам заявіла: „У мяне склалася адчуваньне, што спадар Лінк зьбіраецца адкрыць, магчыма, новую старонку ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і БДІПЧ“. То бок Менск разьлічвае, што БДІПЧ, Захад увогуле гэтым разам станоўча ацэніць беларускія выбары. Ці гэтыя спадзяваньні маюць пад сабой падставу?»

Фёдараў: «Нейкія падставы для гэтага ёсьць. Ня варта чакаць, што апазыцыя праявіць вялікую актыўнасьць падчас гэтых выбараў. І таму ва ўладаў ня будзе патрэбы прымяняць супраць яе жорсткія захады. І таму Захад ня будзе рэагаваць на гэта санкцыямі.

Думаю, БДІПЧ прызнае, што выбары не адпавядалі дэмакратычным стандартам. Таму я не чакаю і радыкальных крокаў па паляпшэньні адносін Беларусі з Захадам. Вось глядзіце, нягледзячы на нібыта пацяпленьне адносін, ЗША працягнулі санкцыі супраць Беларусі».

“Калі падчас выбараў не адбудзецца нейкіх забурэньняў, то стаўленьне ЭЗ да выбараў будзе станоўчае…”

Вусаў: «Падыход да Беларусі з боку Захаду зьмяняецца ў залежнасьці ад міжнародных, геапалітычных абставінаў. Цяпер на Захадзе новае жыцьцё набывае міт, нібыта Лукашэнка — гарант незалежнасьці Беларусі, таму яго варта падтрымліваць. Калі падчас выбараў не адбудзецца нейкіх забурэньняў, як 19 сьнежня 2010 году, то стаўленьне ЭЗ да выбараў будзе станоўчае. Я бачу, што некаторыя з апазыцыйных квазікандыдатаў будуць заклікаць да прызнаньня гэтых выбараў».

Як паўплывае на Беларусь ваенна-палітычнае напружаньне паміж Расеяй і Захадам?

Карбалевіч: «Ёсьць яшчэ адзін чыньнік, які можа сапсаваць адносіны Беларусі з Захадам. Гэта нарастаньне ваенна-палітычнага напружаньня паміж Расеяй і Захадам. Днямі ЗША заявілі пра пляны разьмяшчэньня вайсковай тэхнікі ў памежных з Расеяй краінах НАТО. У адказ каардынатар упраўленьня генэральных інспэктараў Мінабароны РФ генэрал арміі Юры Якубаў заявіў Інтэрфаксу, што „зазнае значныя зьмены расейская агульнавайсковая групоўка ў Беларусі“. Заява дзіўная, бо такой групоўкі ў Беларусі няма.

Зь іншага боку, міністар абароны Беларусі Раўкоў заявіў на сустрэчы з Лукашэнкам, што Паўночнаатлянтычны альянс больш як у 1,5 раза ў параўнаньні зь мінулым годам павялічыў актыўнасьць пры правядзеньні вучэньняў, у тым ліку буйнамаштабных і ў тым ліку каля межаў Беларусі. То бок пагроза для Беларусі — гэта НАТО. У кастрычніку, якраз тады, калі плянуецца правесьці выбары, у Беларусі адбудуцца сумесныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні. Як гэта пракамэнтаваць?»

“Безумоўна, Масква будзе імкнуцца прыцягнуць Беларусь да сваёй канфрантацыі з Захадам. А Менск наўрад ці зможа супраціўляцца…”

Фёдараў: «Так, гэты чыньнік сапраўды можа сапсаваць адносіны Беларусі з Захадам. Безумоўна, Масква будзе імкнуцца прыцягнуць Беларусь да сваёй канфрантацыі з Захадам. А Менск наўрад ці зможа супраціўляцца».

Вусаў: «Па-першае, Лукашэнка да апошняга будзе імкнуцца ўседзець на двух крэслах. Па-другое, Захад увогуле не зьвяртае ўвагі, што Беларусь — сябра АДКБ і самы блізкі вайсковы саюзьнік Расеі. Беларусь і Расея стварылі агульную вайсковую групоўку. Існуе сумесная сыстэма супрацьпаветранай абароны. І на гэтых вучэньнях, якія на беларускай тэрыторыі адбываюцца не ўпершыню, галоўным умоўным праціўнікам абвяшчаецца Захад. А Захад корміць сябе спадзяваньнямі, што гэта ўсё не насамрэч. Калі вайсковая прысутнасьць Расеі ў Беларусі павялічыцца, то пра незалежную замежную палітыку Беларусі можна будзе забыцца».

Валер Карбалевіч, Радыё Свабода