Навіны

Дашкевіча этапавалі ў Мазыр

Лідар міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Дзмітрый Дашкевіч этапаваны ў калонію № 20 у Мазыры. Пра гэта БелаПАН паведаміла намеснік старшыні арганізацыі Наста Палажанка.

Пра тое, што Дашкевіча этапавалі з Віцебскага следчага ізалятара па месцы адбывання пакарання, Палажанка даведалася 19 верасня. Аднак у Віцебскім СІЗА адмаўляліся паведаміць, куды накіраваны Дашкевіч.

«Сёння мы з адвакатам абзвоньвалі калоніі і наведалі дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП), дзе нам сказалі, што Дашкевіч адпраўлены ў калонію № 20. У прынцыпе, такім чынам ДВП адрэагаваў на наш запыт двухтыднёвай даўнасці аб тым, калі і куды будзе адпраўлены Дашкевіч. Гэта значыць, яны да апошняга цягнулі з адказам і адказалі, калі Дзмітрыя ўжо перавялі», — паведаміла Палажанка.

Яна адзначыла, што пасля прыбыцця ў мазырскую калонію Дашкевіч будзе змешчаны ў каранцін. «Звычайна ў каранцін не даходзяць лісты, і адтуль нічога не прыходзіць. У кожнай калоніі каранцін свой, колькі Дзмітрый там будзе, невядома.

Напрыклад, пасля этапу ў калонію ў Горках Дашкевіч прама ў карантыне трапіў у штрафны ізалятар», — сказала Палажанка.

28 жніўня Глыбоцкі раённы суд на закрытым выязным пасяджэнні ў калоніі № 13 райцэнтра прызнаў Дашкевіча вінаватым у «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» (ч.1 арт. 411 КК) і прысудзіў яго да года пазбаўлення волі. У тэрмін пакарання ўключаны чатыры месяцы, якія апазіцыянеру заставалася адбыць у калоніі па першым крымінальнай справе.

У калоніі Глыбокага лідэр «Маладога фронту» адбываў пакаранне па крымінальнай справе, распачатай у канцы 2010 года. Напярэдадні апошніх выбараў прэзідэнта, 18 снежня 2010 года, Дашкевіча і яго таварыша па «Маладому фронту» Эдуарда Лобава затрымалі ў Мінску па абвінавачванні ў збіцці двух мужчын. У сакавіку 2011 года Дашкевіч быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі арышт Дашкевіча і Лобава, асуджанага да чатырох гадоў пазбаўлення волі, як прэвентыўную меру па «зачыстцы» актывістаў апазіцыі напярэдадні выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Дашкевіча і Лобава палітычнымі вязьнямі.

Паводле Сяргей Пульша, БелаПАН