Навіны

Для каго закон не пісаны?

Па-ранейшаму, ліставанне з кандыдатам у прэзідэнты на мінулых выбарах, палітвязнем магілёўскай турмы Мікалаем Статкевічам штучна абмяжоўваецца.

Пра “прапорцыі” напісаных і атрыманых адрасатам лістоў можна судзіць па выпадку, аб якім ён распавёў у сваім лісце да жонкі. “Мікалай не атрымлівае нават лісты ад мяне і сваіх дачок, якія, навучаныя горкім вопытам, пішуць выключна на сямейныя тэмы. Што ўжо казаць пра іншых?!” – Марына Адамовіч працытавала ўрывак з ліста Міколы Статкевіча.

Сёння атрымаў ліст ад жанчыны з Мінска, якая піша рэгулярна, як я зразумеў. Гэта ўжо трэці ліст ад яе, а на канверце яна ставіць парадкавыя нумары. І нумар трэцяга атрыманага яе ліста – дзевяты. Думаю, што гэта дае ўяўленне аб прапорцыях”, – піша Мікола Статкевіч.

Акрамя таго, непрыемнай неспадзяванкай для жонкі стала звестка, што ў турме ў такія доўгачаканыя тэлефанаванні залічваюць не той час, які вязень прагаварыў з блізкімі (а гэта – усяго 15 хвілін адзін раз на месяц, для ўсіх родных), – а час, які вязень правёў побач з тэлефонным апаратам у спробах датэлефанавацца. “Толькі ўявіце, што тэлефон мог быць заняты – і ўсё… Ізноў цэлы месяц чакання,” – кажа жонка.

Нічога не мяняецца і ў атрыманні належных вязням згодна з Пастановай Савета Міністраў № 1564 ад 21.11.2006 года сродкаў гігіены – іх, па-ранейшаму, няма.

“Цяжка ўявіць масштаб гэтай “эканоміі”, калі толькі дапусціць, што  рашэнне ўрада нашай краіны ігнаруецца пенетэнцыарнай сістэмай паўсюдна. Але, на жаль, для такога меркавання ёсць падставы, – кажа Марына, – бо гэта – не першае месца зняволення для Мікалая, а сітуацыя – аднолькавая. Чамусьці наша дзяржава ўсімі сродкамі спрыяе распаўсюдзванню інфекцыйных захворванняў сяярод зняволеных. Бо як інакш расцаніць такую “эканомію”?”.