Навіны

Для каго закон не пісаны?

Па-ранейшаму, ліставанне з кандыдатам у прэзідэнты на мінулых выбарах, палітвязнем магілёўскай турмы Мікалаем Статкевічам штучна абмяжоўваецца.

Пра «прапорцыі» напісаных і атрыманых адрасатам лістоў можна судзіць па выпадку, аб якім ён распавёў у сваім лісце да жонкі. «Мікалай не атрымлівае нават лісты ад мяне і сваіх дачок, якія, навучаныя горкім вопытам, пішуць выключна на сямейныя тэмы. Што ўжо казаць пра іншых?!» — Марына Адамовіч працытавала ўрывак з ліста Міколы Статкевіча.

«Сёння атрымаў ліст ад жанчыны з Мінска, якая піша рэгулярна, як я зразумеў. Гэта ўжо трэці ліст ад яе, а на канверце яна ставіць парадкавыя нумары. І нумар трэцяга атрыманага яе ліста — дзевяты. Думаю, што гэта дае ўяўленне аб прапорцыях», — піша Мікола Статкевіч.

Акрамя таго, непрыемнай неспадзяванкай для жонкі стала звестка, што ў турме ў такія доўгачаканыя тэлефанаванні залічваюць не той час, які вязень прагаварыў з блізкімі (а гэта — усяго 15 хвілін адзін раз на месяц, для ўсіх родных), — а час, які вязень правёў побач з тэлефонным апаратам у спробах датэлефанавацца. «Толькі ўявіце, што тэлефон мог быць заняты — і ўсё… Ізноў цэлы месяц чакання,» — кажа жонка.

Нічога не мяняецца і ў атрыманні належных вязням згодна з Пастановай Савета Міністраў № 1564 ад 21.11.2006 года сродкаў гігіены — іх, па-ранейшаму, няма.

«Цяжка ўявіць масштаб гэтай «эканоміі», калі толькі дапусціць, што  рашэнне ўрада нашай краіны ігнаруецца пенетэнцыарнай сістэмай паўсюдна. Але, на жаль, для такога меркавання ёсць падставы, — кажа Марына, — бо гэта — не першае месца зняволення для Мікалая, а сітуацыя — аднолькавая. Чамусьці наша дзяржава ўсімі сродкамі спрыяе распаўсюдзванню інфекцыйных захворванняў сяярод зняволеных. Бо як інакш расцаніць такую «эканомію»?».