Двух удзельнікаў фэсту ў Будславе затрымалі за надпіс «Беларусь» на футболках
Людзі ў цывільным адзенні затрымалі на Будслаўскім фэсце двух удзельнікаў у футболках з нацыянальнай сімволікай.
Пра гэта паведаміў «Нашай Нiве» прадстаўнік аргкамітэта для стварэння партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Пракаповіч.
Удзельнікі – напэўна, гэта былі бацька і сын – былі затрыманыя людзьмі ў цывільным адзенні з рацыямі і адпраўленыя ў аддзяленне міліцыі. Там палкоўнік міліцыі Юрый Жалубоўскі, намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў Мядзельскага райвыканкама правёў з затрыманымі гутарку, падчас якой было заяўлена, што «не трэба ператвараць рэлігійнае мерапрыемства ў палітычнае», распавёў Павал Пракаповіч, які быў сведкам здарэння.
Затрыманыя былі ў футболках з надпісамі па-беларуску «Беларусь» і па-ангельску «Belarus».
Пад канвоем амонаўцаў вернікаў вывелі за тэрыторыю фэсту да іхняга аўтамабілю.
Прадстаўнікі ўлад не спыталі думкі арганізатараў Будслаўскага фэсту, ці бачаць яны ў патрыятычнай сімволіцы «палітыку».
Свята Маці Божай Будслаўскай сёлета наведалі больш за 10 тысяч чалавек, у тым ліку 3000 пешых пілігрымаў.