Навіны

Дзень, калі беларусы адчулі сябе свабоднымі

19 снежня 2010 года ў Беларусі прайшла масавая акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў.

Непасрэдныя удзельнікі тых падзей распавядаюць пра тое, што значыць для іх гэты дзень…

 

 

Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая СтаткевічаМарына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча:

– Для мяне гэтая дата значыць вельмі шмат. Гэта дзень, які я ніколі не забуду, таму што ўпершыню за многія гады беларусы адчулі сябе свабоднымі, адчулі сябе нацыяй. Я дагэтуль, усе гэтыя чатыры гады, якія прайшлі, памятаю той ўздым і вельмі ўдзячная сваім землякам за тое, што гэта ў маім жыцці было.

У той жа час, гэта чатыры гады, як мой муж Мікалай Статкевіч за кратамі. І гэта сумная дата. Але 19 снежня – гэта дзень святога Мікалая, гэта дзень яго нябеснага ахоўніка, і я думаю, калі Бог пасылае выпрабаванні – гэта не выпадкова. Ён дае сілы тым, каго моцна любіць.

Вольга Бандарэнка, жонка былога палітвязня Зміцера БандарэнкіВольга Бандарэнка, жонка былога палітвязня Зміцера Бандарэнкі:

– Вельмі дваякае ў мяне стаўленне да гэтага дня. Спачатку гэта было свята яднання, гонар за краіну, за народ, які не пабаяўся і выйшаў на вуліцы, нягледзячы на тое, што запалохвалі і пагражалі. Так выдатна, што нас было так шмат, што мы былі ўсе разам. Ну а потым, вядома, жах. Я чакала рэпрэсій, але не такіх. У турме апынуліся мой муж, усе сябры, практычна ўсе знаёмыя. Але ўсё роўна я ўважала гэта нашай перамогай.

Напярэдадні 19 снежня была так званая лібералізацыя, як казала Еўропа, але рэжым Лукашэнкі паказаў, чаго ён варты. Цяпер, праз 4 гады, бачу, што ўсё ідзе па крузе. І якім бы не быў для мяне дзень 19 снежня 2010 г, мне здаецца, што цяпер час яшчэ страшнейшы, таму што татальны кантроль, татальны ціск, татальныя запалохванні.

Галоўнае, не трэба забываць урокі мінулага. Ужо была «лібералізацыя», мы бачым, чым яна скончылася. Цяпер зноў ідуць размовы, што рэжым стаў нібыта больш ліберальным, але баюся, што патуранне з боку Захаду прывядзе да новых злачынстваў з боку ўладаў.

Мікалай Дземідзенка, лідэр «Маладога Фронту»Мікалай Дземідзенка, лідэр «Маладога Фронту»:

– Гэты дзень, безумоўна, застанецца ў гісторыі Беларусі. Пакуль складана сказаць, ці застанецца ён трагічным або, наадварот, добрым. Чатыры гады таму ў нас былі зусім іншыя надзеі і думкі. Нават пасля таго, як была разагнаная Плошчу, мы разлічвалі, што падзеі, якія адбыліся ў Менску, прынясуць перамены, зменяць свядомасць і паўплываюць на будучыню. На жаль, пакуль такога не адбылося.

З іншага боку, чатыры гады – не такі вялікі прамежак часу для гэтага, таму надзеі застаюцца. У любым выпадку 19 снежня з\’яўляецца адным з самых яркіх этапаў барацьбы беларускага народа за свабоду ў найноўшай гісторыі.

Плошча, 19 снежня 2010 года Плошча, 19 снежня 2010 года Плошча, 19 снежня 2010 года Плошча, 19 снежня 2010 года Плошча, 19 снежня 2010 года Плошча, 19 снежня 2010 года Плошча, 19 снежня 2010 года Плошча, 19 снежня 2010 года

Алесь Марачкін, мастак, кіраўнік суполкі «Пагоня»Алесь Марачкін, мастак, кіраўнік суполкі «Пагоня»:

– Я тады быў на Плошчы. Натоўп разбівалі на групы, збівалі кандыдатаў у прэзідэнты – усё гэта адбывалася на маіх вачах. Я сам ледзь выратаваўся. Тыя карціны па гэты дзень усплываюць перад вачыма. Таму ўспамінаецца і адразу праецыюецца думка: а што ж будзе далей, у 2015 годзе? Няўжо паўторыцца той жа сцэнар? А што ж зноў будзе.

19 снежня ніхто не чакаў такой агрэсіі з боку ўладаў. Калі ламалі ногі Андрэю Саннікаву, калі быў збіты Уладзімір Някляеў, калі пасадзілі многіх. Дагэтуль палітвязні знаходзяцца за кратамі.

Цяпер у нас новая сітуацыя. Вельмі ўражаны адной тэлеперадачай: нейкі Салаўёў вёў апытанне па тэме Украіны, «бандэраўцаў» і гэтак далей, і ў іх у студыі сядзеў чалавек з Еўразвязу. І на яго нападалі, як можна забараняць на тэрыторыі Украіны расейскія каналы, не пускаць некаторыя фільмы і гэтак далей. Але ж гэта датычыцца таксама і да сённяшняй сітуацыі ў Беларусі! Цяпер я іду ўздоўж Свіслачы, а на тым баку рэчкі грыміць расейская папса. І яна там грыміць кожны дзень! Няўжо Гітлер ішоў на СССР з прэтэнзіямі, што, маўляў, варожы бок не дае магчымасці распаўсюджваць іх газеты і фільмы? А Расея такую вайну пачала.

Расея – агрэсар, трэба забараняць усё, што звязана з агрэсарам. Ад іх льецца атрута, у тым ліку, і на нас. Цяпер, вядома, галоўны начальнік краіны адчуў, што гэта не столькі пагражае незалежнасці Беларусі, колькі пагражае яго асабістай уладзе і становішчу. Не думаю, што нас чакае нешта добрае пры ім. А заўтра можа так здарыцца, што папаўзуць сюды танкі «абараняць рускамоўных», бо нашых людзей спрабуюць з народу ператварыць у «насельніцтва».

Павел Вінаградаў, лідэр арганізацыі «Zмена»Павел Вінаградаў, лідэр арганізацыі «Zмена»: 

– 19 снежня 2010 года – дзень ганьбы тых, хто называе сябе беларускай уладай.

Я не ўзгадаю, каб у нашай краіне калі-небудзь раней за такі кароткі прамежак часу за краты кінулі такую вялікую колькасць людзей. Безумоўна, я памятаю гэты дзень, але не схільны надзяляць яго нейкім сакральным сэнсам. Мяркую, што трэба памятаць пра яго і ўсё-такі зрабіць працу над памылкамі і апазіцыі, і ў усяму беларускаму грамадству. Трэба пастарацца не дапусціць падобнага. Я маю на ўвазе і слабую каардынацыю апазыцыйных сілаў, і розныя правакацыі і тое, што мы дазволілі сілавым структурам затрымаць і збіць столькі людзей. Пастараемся гэтага не дапусціць у будучыні.

Максім Вінярскі, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»Максім Вінярскі, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»: 

– Для мяне дзень выбараў 19 снежня – момант, калі быў выпушчаны шанец вярнуцца на нармальны шлях развіцця краіны. Тады быў нанесены моцны ўдар не толькі па палітычнай апазіцыі, сотні прадстаўнікоў якой былі кінутыя ў турмы, але і па ўсяму народу, у якога ў чарговы раз скралі будучыню.

Упэўнены, што гэтая дата назаўжды застанецца ў гісторыі Беларусі, у гісторыі Супраціву, таксама, як і даты іншых знакавых падзей, калі ў нашай краіны з\’яўляўся шанец стаць вольнай дэмакратычнай дзяржавай. Упэўнены, што калі ў беларусаў з\’явіцца наступны такі шанец, яны праявяць мужнасць і выйдуць на Плошчу для таго, каб перамагчы дыктатуру.