Навіны

Дзень народзінаў за кратамі. Як гэта было год таму

Мікалай Статкевіч даслаў ліст, у якім распавёў пра дзень народзінаў за кратамі — цяпер і год таму. Ліст са спазненнем на год усё ж дайшоў да адрасата.

Жонка палітыка Марына Адамовіч атрымала ліст, у якім Мікалай Статкевіч распавёў, як «святкаваў» чарговы дзень народзінаў за кратамі. «Узгадаў ён і мінулагодні дзень народзінаў, з якога, уласна кажучы, і пачаўся доўгі-доўгі перыяд без лістоў, без аніякай сувязі», — расказала Марына Адамовіч.

Узгадваючы пра Школоў, Мікалай Статкевіч піша: «… у сам дзень [нараджэння] аб\’явілі ледзь не надзвычайнае становішча. вакол лакальнай зоны атрада патрулявалі кантралёры. Кожныя 15 хвілін правяралі, чым я займаюся, ці не віншуе мяне хто-небудзь. Я спачатку не мог зразумець — навошта ўсё гэта? […] А потым ужо зразумеў, у чым справа. Гэты ж напярэдадні заявіў, што тут сядзяць «парадачныя людзі», якія «пакажуць» мне. Не ведаю, мо ён і сапраўды верыць у афіцыйныя сацыялагічныя апытанні, а непрыемную праўду ніхто не асмельваецца сказаць? Таму мабыць, тамтэйшыя начальнікі і баяліся, каб «парадачныя» замест «паказаць» не пачалі віншаваць. Але ўберагчы мяне ад віншаванняў не ўдалося. Ледзь адвернешся — а на тумбачцы ўжо нешта ляжыць. То асадка, то кніжка, то паштоўка, то цукерка. А […] з іншых атрадаў перадалі (нягледзячы на «асаду») вельмі смачны торт. […] Але найбольш крануў адзін падарунак. Адзін чалавек, які сядзіць ужо шмат год […] і не мае дапамогі з волі, прынёс і падарыў акрайчык хлеба».

Марына кажа, што менавіта пасля гэтай падзеі рэзка ўзмацніўся ціск на палітвязня ў Шклове. «Але я ўсё роўна даведалася і пра віншаванні, і пра акрайчык, і пра спілаваны турнік. Дагэтуль не магу ўзгадваць пра той акрайчык спакойна».

«Яшчэ адной адметнасцю гэтага дня быў фейерверк за паўгадзіны да адбою, — вяртаецца да нядаўняга дня народзінаў Мікалай Статкевіч, — бо адбываўся вельмі блізка і гучна. Нават водбліскі на «раснічках» былі, нягледзячы, што вакно камеры выходзіць у двор. Вось такі […] выдаўся дзень.»

«Мікола просіць яшчэ раз выказаць сваю падзяку ўсім, хто віншаваў яго», — папрасіла падзякаваць людзям жонка палітвязня.

ВЯЛІКІ ДЗЯКУЙ!