Свята

Дзень Волі ў рэгіёнах: забаронена ўсё, нават ускладаць кветкі на магілы

У беларускіх рэгіёнах даўно ўжо не адзначаюць Дзень Волі масавымі акцыямі. Апошнім часам мясцовыя ўлады вынайшлі новую падставу, каб адмаўляць актывістам у правядзеньні шэсьцяў ды мітынгаў. Ад заяўнікаў патрабуюць папярэдне заключаць дамовы на абслугоўваньне акцыяў — каб на іх дзяжурылі міліцыя і хуткая дапамога, а потым тэрыторыю прыбіралі дворнікі. А міліцыя, хуткая дапамога і камунальнікі альбо адмаўляюцца заключаць такія дамовы, альбо выстаўляюць непад’ёмныя для актывістаў кошты абслугоўваньня.

Таму звычайна актывісты і грамадзкасьць без прыцягненьня асаблівай увагі, не абвяшчаючы загадзя маршрут, вузкім колам наведваюць памятныя месцы, ускладаюць кветкі.

Берасьце

У Берасьці ніколі шырока Дзень Волі не адзначаўся, не было масавых акцыяў, шэсьцяў.

Кіраўнік абласной філіі партыі БНФ Зьміцер Шыманскі: «Мы традыцыйна ўскладаем кветкі да магілы аднаго зь дзеячоў БНР Адама Трыпуса, які жыў у Берасьці. Гэта будзе адбывацца 25 сакавіка а 12 гадзіне на Трышынскіх могілках».

Кветкі на магілу Адама Трыпуса ў Берасьці, архіўнае фота

Кветкі на магілу Адама Трыпуса ў Берасьці, архіўнае фота

 

Карэспандэнтка: «Я ведаю, што ў іншых рэгіёнах былі інцыдэнты, калі людзей, якія ўскладалі кветкі на могілках, штрафавалі нібыта за масавае мерапрыемства. У вас ніколі не было такіх праблемаў?»

Шыманскі: «Традыцыйна прыходзіць туды, акрамя грамадзкасьці, міліцыя, яна пільна сочыць за тым, што там адбываецца. Некалькі разоў, калі разгортваліся сьцягі (сацыял-дэмакраты прыносілі свой бел-чырвона-белы сьцяг з ружай), спрабавалі „прыпісаць“ пікет ці масавае мерапрыемства. Праўда, потым усё сканчалася нармальна, людзей адпускалі, ніякіх пратаколаў не складалася».

Віцебск

Сёлета партыйцам з КХП БНФ, як і ў мінулыя гады, не далі дазволу на пікет да Дня Волі, распавёў партыйны актывіст Ян Дзяржаўцаў:

«Мы падавалі заяўку ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну, каб правесьці пікет 25 сакавіка ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Нам ужо традыцыйна забаранілі і гэтую акцыю, бо да заяўкі мы не прыклалі дамовы зь міліцыяй і цэнтральнай паліклінікай. Заяўка паводле заканадаўства павінна быць пададзена не пазьней як за 15 дзён да мерапрыемства, і галоўны ўрач паліклінікі нам адказаў, што ня ведае загадзя, наколькі будзе занятая хуткая дапамога ў дзень 25 сакавіка. Таму дамову не заключыў. А міліцыя нам увесь час адказвае, што абяцае ахоўваць правапарадак, але толькі на тых імпрэзах, якія ўжо дазволеныя ўладамі. Так што адзначыць Дзень Волі неяк арганізавана зноў не атрымліваецца».

Дзень Волі каля помніка Караткевічу, архіўнае фота

Дзень Волі каля помніка Караткевічу, архіўнае фота

 

Яшчэ адна віцебская завядзёнка нядаўняга часу — гэта ўскладаньне кветак да мэмарыяльнай дошкі ў гонар Васіля Быкава. Дошка разьмешчана на будынку, дзе раней была мастацкая вучэльня, у якой вучыўся славуты зямляк. Прыносяць кветкі і да помніка іншаму славутаму земляку — літаратару Ўладзімеру Караткевічу.

Віцебская міліцыя ведае пра гэтыя ініцыятывы, пільна адсочвае, хто прыходзіць да помнікаў, і нават здымае на відэа. Але ўскладаць кветкі ў апошнія гады не перашкаджае.

Горадня

Гарадзенскі гарвыканкам на працягу больш як пяці гадоў не дазваляе аніякіх мерапрыемстваў у Дзень Волі.

Сёлета прадстаўнікі Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі БНФ падавалі заяўкі на правядзеньне двух пікетаў да Дня Волі: 22 і 25 сакавіка. Прычым месцам для пікета 22 сакавіка абралі Калоскі парк — гэта месца, адведзенае гарвыканкамам для масавых мерапрыемстваў.

А на 25 сакавіка абралі парк імя Жылібэра ў цэнтры гораду. Тут масавыя мерапрыемствы дазволена праводзіць толькі ў выпадку, калі ў іх удзел бяруць дзяржаўныя арганізацыі. Кіраўнік гарадзкой арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў кажа, што, яны запрасілі мясцовыя ўлады разам адзначыць урачыстасьці. Аднак у абодвух выпадках правядзеньне пікетаў забаранілі, ляканічна адказаўшы, што заяўкі не адпавядаюць заканадаўству:

Саранчукоў: «У адказах, якія мы атрымалі, утрымліваецца толькі фармальная адпіска, што заяўкі не адпавядаюць дзейнаму заканадаўству. У законе пералічаныя шэсьць пунктаў, якім павінна адпавядаць заяўка, і ўсе гэтыя пункты былі намі ўказаныя. Рада нашае арганізацыі вырашыла зрабіць дадатковы зварот у гарвыканкам, але адказу пакуль няма».

Ліда

У Лідзе сем мясцовых актывістаў летась за ўскладаньне кветак і запальваньне зьнічоў на магілах дзеячоў БНР былі папярэджаныя судом і аштрафаваныя на розныя сумы. Сёлета яны вырашылі пайсьці іншым шляхам, распавёў Станіслаў Суднік:

«Мы падалі заяўкі ў Лідзкі і Воранаўскі райвыканкамы на правядзеньне мэмарыяльных мерапрыемстваў, г.зн. на ўскладаньне кветак і запальваньне зьнічоў на магіле Кіпрыяна Кандратовіча, міністра БНР, у Воранаве на могілках і на магілах дзеячоў Беларускай незалежніцкай партыі Юльяна Саковіча і Валерыя Маракова на могілках у Лідзе. І ўсюды нам адмовілі».

Асабліва лідзкіх актывістаў, паводле Судніка, уразіў адказ ад воранаўскіх ўладаў. Тыя напісалі, што адмаўляюць на падставе таго, што магіла Кіпрыяна Кандратовіча знаходзіцца ня ў тым месцы, дзе можна было б праводзіць масавыя мерапрыемствы.

Слонім

У Слоніме сябры дэмакратычных арганізацыяў наагул ня сталі сёлета нават падаваць заяўкі, бо ўлады з 2004 году адмаўляюць у правядзеньні пікетаў у Дзень Волі.

Гомель

У Гомелі таксама цягам 10 апошніх гадоў ніякіх масавых акцыяў да Дня Волі ўлады не дазваляюць.

Вулічныя акцыі на Дзень Волі ў Гомелі не дазваляюць. На фота ўрачысты сход на 25 Сакавіка ў 2012 годзе

Вулічныя акцыі на Дзень Волі ў Гомелі не дазваляюць. На фота ўрачысты сход на 25 Сакавіка ў 2012 годзе

 

Мясцовыя актывісты ўскладуць кветкі да магілы Цімоха Вострыкава, дзеяча беларускага супраціву, які ў 1952 годзе ў складзе «чацьвёркі» быў закінуты ў Беларусь амэрыканскім самалётам як прадстаўнік Рады БНР. Праз тыдзень пасьля высадкі дэсант быў затрыманы супрацоўнікамі НКУС. За «здраду Радзіме» Цімох Вострыкаў быў асуджаны і правёў 23 гады ў лягерах у Мардовіі. Пасьля вызваленьня жыў у Гомелі.

Таксама актывісты наведаюць магілу Міхаіла Жызьнеўскага, беларуса, які загінуў летась на кіеўскім Майдане, а таксама месца ў Навабеліцы, дзе стаяў некалі дом Палуты Бадуновай, сябры Рады і Народнага Сакратарыяту Беларускай Народнай Рэспублікі.

Радыё Свабода