Дзень Волі. Як гэта было 20 гадоў таму?
Урачыстая музыка, бел-чырвона-белыя сцягі… Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Станіслаў Шушкевіч і Зянон Пазняк – разам і ў святочным настроі на Дні Волі – 1993.
75 год БНР. Адкрыцьцё паседжаньня. Celebration of 75 years BNR
Марш Беларускага згуртавання вайскоўцаў 1993 года (18.03.2013)
У 1993 годзе Дзень Волі ўпершыню святкавалі на афіцыйным узроўні. Шмат хто з беларусаў тады з энтузіязмам вітаў свята, якое сталася на той момант сімвалам адраджэння ідэалаў БНР і натхняла на будаванне «новай Беларусі».
Святочныя мерапрыемствы з удзелам тагачаснага кіраўніка краіны Станіслава Шушкевіча і старшыні Рады БНР Язэпа Сажыча прайшлі ў Дзяржаўнай філармоніі. Удзельнікаў урачыстага сходу віталі знакавыя для беларускай культуры асобы: прадстаўнікі культурнай інтэлігенцыі, тагачасныя палітыкі ды дзеячы беларускай эміграцыі.
Сход распачалі музыкі ў шляхецкіх кунтушах і нацыянальных строях, затрубіўшы ў рогі. З вуснаў афіцыйных асобаў, якія выйшлі на сцэну, – нязмушаная беларуска мова. Авацыі, натхнёныя твары прысутных і выкананне ўсёй залаю, стоячы, гімну БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Палітык Віктар Івашкевічназваў тое святкаванне самым удалым: «І кіраўнік беларускай дзяржавы Шушкевіч выступаў, і гэта было афіцыйнае дзяржаўнае мерапрыемства».
Мітынг у скверы імя Янкі Купалы. Фота nashaziamlia.org
Сябры Беларускага згуртавання вайскоўцаў правялі ў 1993 годзе арганізаванае шэсце на праспекце Ф. Скарыны ў Менску. Удзельнікі пашыхтаваліся ў адмысловыя калоны і крочылі пад біццё барабанаў зладжаным вайсковым крокам. У маршы ўзялі ўдзел некалькі тысяч асобаў: калі галава калоны, да якой далучыўся шмат хто з мінакоў, дасягнула Кастрычніцкай плошчы, яе хвост з плошчы Незалежнасці яшчэ не выйшаў.
На чале калоны тады ішоў кіраўнік арганізацыі вайскоўцаў – цяперашні палітвязень Мікола Статкевіч. Шэсце тады вельмі моцна напалохала тагачаснага міністра абароны Паўла Казлоўскага і кіраўніка КДБ Эдуарда Шыркоўскага, якія нават назвалі дэманстрантаў «баевікамі».
У хуткім часе з войска звольнілі Міколу Статкевіча, камандзіра брыгады спецназу Уладзіміра Барадача ды іншых афіцэраў Узброеных сілаў, якія ўзялі ўдзел у маршы.
Шэсце скончылася ў скверы Янкі Купалы, дзе каля помніку паэту адбыўся мітынг, прысвечаны 75-ай гадавіне абвяшчэння БНР. Сярод яго ўдзельнікаў былі пісьменнік Васіль Быкаў і кіраўнік БНФ Зянон Пазняк, а таксама старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Алег Трусаў і мастак Мікола Купава.
Максім Ярашэвіч, belsat.eu