Дзмітрый Ус: Рэальная апазіцыя – гэта Статкевіч і Някляеў
Былы кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус больш не верыць у выбары і тлумачыць, чаму ў Беларусі ніколі не будзе аб’яднання апазіцыі.
Дзмітрый Ус: Сёння, на мой погляд, рэальная апазіцыя ў краіне – гэта Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў, якія ладзяць Беларускі дэмакратычны кангрэс (дарэчы, я таксама туды запрошаны). Яны шчыра робяць усё, каб нешта змяніць у краіне. Але ж мы бачым, што многія астатнія прадстаўнікі дэмакратычнага грамадства не падтрымалі гэтую ініцыятыву. Тыя жа Лябедзька, Мілінкевіч… Вельмі прыкра, што так адбываецца, бо атрымліваецца, што апошнія толькі падыгрываюць уладзе сваёй адмовай прыняць удзел у Кангрэсе. Калі на самай справе трэба рабіць нейкія сур’ёзныя крокі па дэмакратызацыі грамадства, заўсёды знаходзяцца тыя, хто супраць.
РР: Чаму, на ваш погляд, да гэтага часу апазіцыя так і не здолела аб’яднацца?
Дзмітрый Ус: Маё меркаванне, што тут людзі не захацелі дзяліцца, як кажуць, сваімі сферамі ўплыву. Нехта атрымлівае грант за свой кавалак працы, другі – за свой, трэці – за трэці… Натуральна, ніхто не хоча губляць свой кавалак. Можна было б, натуральна, паступіцца амбіцыямі і тымі фінансамі, якія ёсць, аб’яднацца на карысць агульнай справы, але ж не хочуць гэтага. Усіх усё і задавальняе. Калі апазіцыя аб’яднаецца, то хтосьці з яе прадстаўнікоў згубіць грошы. А кожны хоча мець самастойную бухгалтэрыю. Вось і атрымліваецца, што рак паўзе ў адзін бок, шчупак цягне ў ваду, а нехта імкнецца ў вышыню.
РР: Ці цікавая вам парламенцкая кампанія, якая распачынаецца прыкладна праз месяц?
Дзмітрый Ус: Я ў цырку не ўдзельнічаю і асабліва не цікаўлюся, што там будзе. Ды і сам парламент, па вялікаму рахунку, у краіне нічога не вырашае. Навошта тады трэба туды імкнуцца?
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя