Мікалай Статкевіч: Кангрэс пройдзе. Нават, калі ў парку.

Месца пад Кангрэс можа быць вызначанае Менгарвыканкамам. А можа і не. Але Беларускі нацыянальны кангрэс адбудзецца ў любым разе. 

Пра гэта ў інтэрв\’ю Радыё Свабода паведаміў адзін з ініцыятараў Кангрэсу, сябра аргкамітэта Мікалай Статкевіч. 

Беларускі нацыянальны кангрэс пачне працу 15 траўня а 12-ай гадзіне. Арганізатары разьлічваюць на памяшканьне на 500-600 чалавек. Сёньня аргкамітэт чакае афіцыйнага рашэньня ад Менгарвыканкаму — магчыма, Кангрэс дазволяць правесьці ў нейкай канфэрэнц-залі, а магчыма, што і не.

«Мы, безумоўна, спадзяемся, што будзе месца, але гатовыя да іншага варыянту, — кажа Статкевіч. — Кангрэс пачнецца а 12-й 15 траўня ў Менску — гэта адзінае, што я магу сказаць. Калі ня будзе памяшканьня, то мусім ладзіць гэты Кангрэс пад адкрытым небам. Але ён павінен адбыцца. І ён адбудзецца».

Сам Кангрэс, кажа Статкевіч, ня будзе азначаць аб’яднаньня дэмакратычных сілаў Беларусі, але мусіць стаць пачаткам гэтага аб’яднаньня. Разбураць партыі Кангрэс ня будзе, ён мусіць стаць надпартыйным аб’яднаньнем. У Радзе Кангрэсу першы кіраўнік незалежнай Беларусі, чатыры кандыдаты ў прэзыдэнты розных часоў, пяць былых вязьняў сумленьня.

Мікола Статкевіч перакананы, што колькасьць дэлегатаў будзе дастатковай, каб Кангрэс стаў масавай і знакавай падзеяй. Дэлегаты могуць вылучацца ад сходаў, праз збор подпісаў ці праз квоты, якія будуць вызначаныя ў найбліжэйшыя дні. Да таго ж, у радзе Кангрэсу будуць зарэзэрваваныя месцы для ўдзельнікаў розных палітычных партыяў і рухаў, якія пакуль не далучыліся, але могуць далучыцца да Кангрэсу. Дакумэнты Кангрэсу ўжо даступныя для абмеркаваньня— і, як кажа Статкевіч, дакумэнты пакуль не выклікаюць спрэчак.

«У Беларусі занадта рана паспрабавалі ўтварыць партыйную сыстэму»

Раней Статкевіч казаў, што гатоўнасьць да супрацы ён заўважыў, найперш, ў малых і раённых гарадах, а на абласным узроўні адчуваецца «ўплыў партыйных кіраўнікоў зь Менску». І цяпер ён найбольш спадзяецца на рэгіянальныя дэмакратычныя сілы, якія маюць скласьці большую частку рады Кангрэсу:

«Асноўны цяжар барацьбы за дэмакратыю на гэтых людзях [з рэгіёнаў], бо дэмакратыя ў Беларусі цяпер — гэта яны, — тлумачыць Статкевіч. — Мы такім чынам вяртаем сытуацыю да нармальнай, ліквідуем цяперашні разрыў, і стымулюем да ўтварэньня такіх кааліцыяў, утварэньня аб’яднаньняў у рэгіёнах.

Па-сутнасьці, нам трэба вяртаньне да той мадэлі, калі беларусы змагаліся супраць камуністычнага таталітарызму, калі ўсе народы Ўсходняй Эўропы змагаліся. Згадаем „Салідарнасьць“, Народныя фронты — гэта былі аб’яднаньні самых розных людзей самых розных палітычных арыентацыяў. Яны зрабілі сваю справу і распаліся на розныя накірункі. А нам трэба вярнуцца назад, мы ў Беларусі, магчыма, занадта рана паспрабавалі ўтварыць партыйную сыстэму. Трэба нешта большае, чым кансультацыйная рада з дарадчымі рашэньнямі».

Апазыцыя можа дапамагчы ўладам з прызнаньнем выбараў

Статкевіч шкадуе, што дэмакратычныя сілы не абмеркавалі саму мэтазгоднасьць удзелу ў восеньскіх парлямэнцкіх выбарах і ўмовы ўдзелу ў іх (як зьмены ў выбарчае заканадаўства), а адразу пачалі складаць свае сьпісы на выбары. Такіх сьпісаў Статкевіч налічыў ужо сем. А рада Кангрэсу мае навесьці парадак і ў кожнай акрузе вызначыць кандыдата, якога Кангрэс будзе падтрымліваць, «сьцягваць» да яго галасы. Альбо нават дамовіцца з усімі партыямі і рухамі на аднаго кандыдата ад дэмакратычных сілаў на кожнай акрузе.

З улікам таго, што выбары цяпер будуць праходзіць у адзін тур, і для перамогі трэба толькі адносная большасьць, шмат кандыдатаў ад апазыцыі на адным участку могуць аддаць перамогу праўладнаму кандыдату без фальсыфікацыяў (нават калі кандыдат ад уладаў набярэ 25%, а пяць апазыцыянэраў разам 75%, ды паасобку меней за 25%, то праходзіць кандыдат ад уладаў). І такім чынам абраны парлямэнт, кажа Статкевіч, нават мае шанцы на прызнаньне Захаду.

«Я ня стаў бы ставіць пытаньне выбараў на першае месца, — удакладняе Статкевіч. — Цяпер на першым месцы ператварэньне палітычных сілаў у суб’ект палітыкі. Бо цяпер яны аб’ект — аб’ект для маніпуляцыяў улады і каго заўгодна. А павінныя стаць суб’ектам, здольным да дзеяньня, а ня толькі да грызьні між сабой».