Еўрадэпутат патрабуе вярнуць санкцыі супраць Макея

Дэпутат Еўрапарламента ад Польшчы Марэк Мігальскі заявіў пра супярэчлівасць палітыкі ЕЗ у адносінах да Беларусі.

Роўна праз тыдзень, 22 ліпеня, пройдзе сустрэча міністраў замежных спраў краін-членаў ЕЗ і Усходняга партнёрства, якая будзе прысвечаная падрыхтоўцы да лістападаўскага саміту ў Вільні. Мяркуецца, што кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей, у дачыненні да якога былі прыпыненыя санкцыі, прыме ўдзел у гэтай сустрэчы.

Дэпутат Еўрапарламента ад Польшчы Марэк Мігальскі звярнуўся да міністраў замежных спраў краін-членаў ЕЗ і паведаміў ім пра стаўленне беларускай апазіцыі да кантактаў з рэжымам.

«24 чэрвеня Еўрапейскі звяз прыняў рашэнне аб зняцці візавых санкцый у дачыненні да кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі Уладзіміра Макея. Я хацеў бы паведаміць Вам, што прадстаўнікі беларускай апазіцыі негатыўна ацанілі гэты крок Еўрапейскага звяза. Яны сцвярджаюць, што дыялог з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі без выканання беларускімі ўладамі ўмовы вызвалення і поўнай рэабілітацыі палітвязняў з\’яўляецца няправільным і некарэктным рашэннем. Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, падкрэсліў, што гэты дыялог паказвае супярэчлівасць ЕЗ і вядзе да ўмацавання дыктатуры. Мікалай Статкевіч, апошні кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі, які да гэтага часу ўтрымліваецца ў калоніі, лічыць, што прамыя кантакты кіраўнікоў дэмакратычных краін з чыноўнікамі беларускага рэжыму з\’яўляюцца здрадай у адносінах да ідэалаў дэмакратыі і спробай узаконіць дыктатуру», – адзначыў палітык.

Ён звярнуў увагу на той факт, што, згодна з паведамленнямі беларускіх і міжнародных арганізацый па правах чалавека, сітуацыя ў Беларусі працягвае пагаршацца.

«1 ліпеня чарговы прадстаўнік беларускай апазіцыі быў прысуджаны да 1,5 гадоў пазбаўлення волі. У беларускіх турмах па-ранейшаму ўтрымліваюцца больш за дзесятак палітычных зняволеных, а дзесяткі іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь маюць абмежаваныя правы і грамадзянскія свабоды, у выніку палітычна матываваных працэсаў у 2011-2012 гадах. Беларусь – адзіная дзяржава ў Еўропе, якая не ўвяла забароны смяротнага пакарання, а ў апошнія 1,5 месяца беларускія ўлады вынеслі тры такіх прысуды», – падкрэсліў еўрадэпутат.

Марэк Мігальскі дадаў, што Кубінскі дысідэнт Гільерма Фарыньяс, які нядаўна ў Страсбургу атрымаў прэмію Сахарава, назваў Беларусь ганьбай Еўропы.

«Ён падкрэсліў, што не павінна быць маўклівай згоды існавання аўтарытарнага рэжыму на межах Еўрапейскага звяза. Калі ласка, памятайце пра беларускіх палітвязняў і словы Фарыньяса падчас сустрэчы з Уладзімірам Макеем, якая, верагодна, пройдзе ў канцы гэтага месяца ў Брусэлі. Я заклікаю Вас у ходзе перамоваў з кіраўніком беларускай дыпламатыі ўзняць пытанне палітычных вязняў, а таксама заклікаць да іх неадкладнага вызвалення і поўнай рэабілітацыі. Пра гэты пастулат і асноўную ўмову дыялогу нельга забываць», – падсумаваў палітык.

Хартыя\’97