Экс-палітвязень Аляксандр Малчанаў адбыў сямісуткавы арышт

Былы палітвязень Аляксандр Малчанаў адбыў сямісуткавы адміністрацыйны арышт па абвінавачванні ў хуліганстве. Вядома пра гэта стала 28 лістапада, калі хлопец выйшаў на волю.

Па словах Малчанава, якія перадае БелаПАН, ён прыехаў на радзіму з Украіны і праз некалькі дзён пасля прыезду ў яго пачаліся непрыемнасці. Тыдзень таму на праспекце Рэвалюцыі ў Барысаве да Малчанава падышлі два незнаёмыя мужчыны і сталі вінаваціць яго ў крадзяжы рэчаў з аўтамабіля. Потым яны сталі біць хлопца. Неўзабаве з\’явіліся міліцыянты — як кажа Малчанаў, “даволі важныя шышкі ў маштабах Барысаўскага РАУС”. Пасля гэтага невядомыя ўцяклі, а хлопца затрымалі. Яго абвінавацілі ў тым, што ён лаяўся матам. Малчанаў прызнае, што ён сапраўды быў нястрыманы на язык.

“Лішні раз з дому выходзіць не буду, пакуль знаходжуся на тэрыторыі РБ, — баюся зноў замацюкацца”, — піша былы палітвязень.

Нагадаем, што Малчанаў быў асуджаны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года. Тады яго прысудзілі да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У верасні 2011-га Малчанава вызвалілі паводле памілавання. А ў красавіку 2012-га яго зноў асудзілі на 1,5 года калоніі строгага рэжыму — нібыта за крадзеж металалому з тэрыторыі жодзінскага завода цяжкіх штамповак. Вызвалілі яго ў ліпені 2013 года.

euroradio.fm Фота — svaboda.org