Экс-палітвязня Марцалева не выпусцілі з Беларусі для лячэння

Сяргей Марцалеў прасіў магчымасці выехаць на некалькі месяцаў у Польшчу, Украіну, Расію.

Раней у каментары Еўрарадыё Марцалеў адзначаў, што яго судзілі разам з Ірынай Халіп, якой дазволілі выезд за мяжу для сустрэчы з мужам. Палітвязень спадзяваўся, што таксама атрымае дазвол на выезд.

Як паведаміў Марцалеў сайту “Товарищ.online”, для асуджаных з выпрабавальным тэрмінам існуе тры прычыны, па якіх іх могуць выпусціць за мяжу. Гэта смерць блізкага сваяка за мяжой, удзел у судовым працэсе ў іншай дзяржаве і выезд па стане здароўя. Да сваёй заявы Марцалеў дадаў медычныя даведкі.

Аднак у адказе з інспекцыі па выкананні пакаранняў гаворыцца, быццам падчас праверкі выявілася, што паводле 9-я гарадская паліклініка Мінска не бачыць неабходнасці ў лячэнні Марцалева за мяжой. Таму ў выездзе яму адмовілі.

Суд, які нанова разгледзіць справы Марцалева і Халіп, адбудзецца сёлета 20 ліпеня.

Еўрарадыё

Фота svaboda.org.