Актуальна

Форум

Сёння адбылося пасяджэнне Форума “Свабоду палітвязням!”. Удзел бралі прадстаўнікі дэмакратычных паотый і грамадскасц. Вёў пасяджэнне Павел Севярынец. Форум заклікаў да удзелу ў акцыі 12 верасня і прыняў наступную заяву:

СВАБОДУ ПАЛІТВЯЗНЯМ! РУКІ ПРЭЧ АД БАЦЬКОЎ ДАБРААХВОТНІКАЎ!

Летам-восенню 2016 года, непасрэдна перад кампаніяй “выбараў”, дзеючы рэжым працягвае ўтрымліваць у турмах палітвязняў, а таксама пераследваць сваякоў і сяброў беларускіх дабраахвотнікаў ва Ўкраіне.

Закрытым судом па сфабрыкаванай справе да 3-х гадоў абмежавання волі прысуджаны гродзенскі антыфашыст Максім Ягнешка. Рыхтуецца суд над Эдуардам Пальчысам: ягоныя артыкулы ўжо прызнаныя рэжымам экстрэмісцкімі. Трымаюць за кратамі галадоўніка, удзельніка Плошчы 2010 года Уладзіміра Кондруся. Няспыннаму ціску падвяргаюцца Андрэй Бандарэнка, Міхаіл Жамчужны, Ілля Валавік, Вадзім Бойка, Зміцер Паліенка, Алеся Садоўская, Аляксандр Лапіцкі, Ірына Моцная, Тарас Аватараў, Піліп Іваноў, Зміцер Цэхановіч, Аляксей Жаўноў, Алесь Юркойць, Кірыл Сілівончык.

Адбываюцца ператрусы і допыты ў сваякоў і сяброў беларускіх дабраахвотнікаў, якія абараняюць незалежнасць Украіны. Па ранейшаму атрымліваюць вялізныя штрафы ўдзельнікі мірных акцыяў пратэсту.

Адначасова поўнай хадой ідзе падрыхтоўка да чарговых фальсіфікацыяў на “выбарах”. Працаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў, студэнтаў і вайскоўцаў прымусова заганяюць на “датэрміновае галасаванне”.

Відавочна, што ніякай гаворкі пра “справядлівыя ды свабодныя выбары” альбо “прагрэс у галіне дэмакратыі” ў такой атмасферы страху і рэпрэсіяў быць не можа. Становішча горшае, чым было год таму, перад спектаклем “прэзідэнцкіх выбараў”.

Мы, прадстаўнікі беларускіх палітычных партыяў, грамадскіх арганізацыяў, праваабаронцы, актывісты, рэпрэсаваныя і іх сваякі:

  • Патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў і аднаўлення іх у правах.
  • Патрабуем спыніць пераслед іншадумцаў, практыку штрафаў за мірныя акцыі і рэпрэсіі супраць сем’яў беларускіх дабраахвотнікаў, якія змагаюцца за незалежнасць Украіны.
  • Заклікаем міжнародную супольнасць не прызнаваць фальшывыя “выбары”, якія праводзяцца ў атмасферы страху і прымусу – і зрабіць усё магчымае для вызвалення палітвязняў у Беларусі.
  • Падтрымліваем ініцыятыву стварэння Камітэта бацькоў беларускіх дабраахвотнікаў ва Ўкраіне.
  • Заклікаем беларусаў выходзіць на мірную акцыю пратэсту 12 верасня з партрэтамі палітвязняў і патрабаваннем іх вызвалення.

Менск 7 верасня 2016 года