Франк-Вальтэр Штайнмаер: «Судовае рашэньне ў дачыненьні да Статкевіча абуральнае»
Такую заяву ў сувязі зь сёньняшнім прысудам экс-кандыдату на прэзыдэнта Беларусі Міколу Статкевічу зрабіў сёньня старшыня фракцыі сацыял-дэмакратаў у нямецкім Бундэстагу, у мінулым кіраўнік нямецкага МЗС Франк-Вальтэр Штайнмаер.
Ён назваў прысуд Статкевічу «абуральным і цалкам непрымальным» і дадаў, што «Статкевіч ды іншыя асуджаныя апазыцыянэры ў Беларусі сталі ахвярамі ганебнай і свавольнай юстыцыі».
«Мы ня можам дапусьціць, каб у цэнтры Эўропы настолькі зьневажаліся прынцыпы прававой дзяржавы і дэмакратыі. ЭЗ павінен недвухсэнсоўна заявіць, што мы ні ў якім выпадку ня будзем цярпець такія паводзіны. Я настойліва заклікаю прэзыдэнта Лукашэнку вызваліць палітычных зьняволеных і ня весьці сваю краіну ўглыб эўрапейскай ізаляцыі», адзначыў кіраўнік фракцыі нямецкіх сацыял-дэмакратаў Франк-Вальтэр Штайнмаер.