Гарадзенскі журналіст рыхтуе скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН

Андрэй Мялешка, якога тройчы судзілі паводле абвінавачвання ў «незаконным вырабе інфармацыйнай прадукцыі», рыхтуе скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН.

Журналіст перакананы, што дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь наўпрост парушаюць ягонае права атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю, пераследуючы за прафесійную дзейнасць. Андрэй Мялешка мяркуе, што ўсе тры разы яго судзілі і штрафавалі незаконна, бо заканадаўства прадугледжвае адказнасць паводле артыкула 22.9, частка 2 КаАП Рэспублікі Беларусь для юрыдычных асоб, а не грамадзян. Журналісты-фрылансеры як фізічныя асобы не павінны падлягаць адказнасці паводле гэтага артыкула, паведамляе ПЦ «Вясна».

Таксама Андрэй Мялешка падаваў дакументы на афіцыйную акрэдытацыю яго як карэспандэнта «Радыё Рацыя», аднак, МЗС Беларусі адмовіла яму. Усе суды, у якіх Мялешка аспрэчваў пастанову суда першай інстанцыі, адмовілі журналісту ў задавальненні скаргаў. Такім чынам, склалася замкнёнае кола і існуе фактычная забарона для журналіста на прафесію, а магчымасці дамагчыся забеспячэння сваіх правоў на нацыянальным узроўні вычарпаныя.

16 чэрвеня 2014 года суддзя Кастрычніцкага раённага суда Гародні Дзмітрый Кедаль аштрафаваў журналіста на 30 базавых адзінак, 7 кастрычніка 2014 года суддзя Гарадзенскага раёна Ганна Лявусік – на 35 базавых адзінак і 2 снежня 2014 суддзя Ленінскага раёна Юрый Казакевіч – на 40 базавых адзінак.

Нагадаем, што апошнім часам у Беларусі ўзмацніліся рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў.

Хартыя\’97