Усё пачалося з Першага Усебеларускага з\’езда, які сабраўся ў Мінску ў снежні 1917 года ў будынку цяперашняга Купалаўскага тэатра для вырашэння лёсу Беларусі. Ён быў разагнаны бальшавікамі. Абраны выканкам Рады з\’езда дзейнічаў нелегальна, а 19 лютага 1918 года ўзяў уладу ў горадзе ў свае рукі (на той час бальшавікі ўцяклі, а нямецкія акупанты яшчэ не прыйшлі).

У былым доме губернатара на мінскай Саборнай плошчы (цяпер — плошча Свабоды, 7) з 20 лютага 1918 года засядаў новаствораны Народны сакратарыят (першы ўрад) Беларусі. Захаваўся фотаздымак з лютага 1918-га, на якім відаць бел-чырвона-белы сцяг на балконе. 21 лютага была прынятая першая ўстаўная грамата, у якой яшчэ не было гаворкі пра незалежнасць. Нямецкія акупанты неўзабаве занялі будынак, беларускі нацыянальны сцяг быў сарваны. На сённяшні дзень былы дом губернатара моцна перабудаваны, там месціцца Рэспубліканскі музычны каледж.

У Мінску на вуліцы Губернатарскай, 32, побач з поштай, у той час месцілася друкарня Якава Грынблата. Менавіта ў ёй улады БНР друкавалі свае дакументы, у тым ліку і ўстаўныя граматы (трэцяя, прынятая 25 сакавіка, абвяшчала дзяржаўную незалежнасць). Дом захаваўся, але быў перабудаваны ў пасляваенны час. Цяпер гэта вуліца Леніна, 14.

3-я ўстаўная грамата была прынятая Радай БНР (былой Радай Усебеларускага з\’езда) 25 сакавіка 1918 года. Яна абвяшчала дзяржаўную незалежнасць Беларусі (сама БНР абвяшчалася 2-й устаўной граматай ад 9 сакавіка 1918 г.). Адбылося гэта ў будынку па вул. Сурпухоўская (цяпер — Валадарскага, 9), дзе на трэцім паверсе ў сялянскага банка была арэндаваная зала. Яшчэ ў 1990-я была зробленая мемарыяльная шыльда, але дагэтуль яе не дазволілі павесіць на доме.

Гродна называюць “другой сталіцай БНР”, паколькі ў канцы 1918 года туды пераехаў з Мінска праз Вільню ўрад БНР. Вядома, што ён займаў знакаміты дом купца Мураўёва на цяперашняй Савецкай плошчы. Ён захаваўся, нядаўна быў рэканструяваны.

Магілёў — губернскі горад, які выказаўся ў падтрымку БНР. 12 ліпеня 1918 года там сабраліся каля 400 прадстаўнікоў мясцовых грамадскіх і палітычных арганізацый. Амаль усе прысутныя падтрымалі ідэю незалежнасці Беларусі.

Лічылася, што сход прайшоў у цяперашнім будынку абласнога краязнаўчага музею на Савецкай плошчы. Аднак некалькі гадоў таму стала вядома, што магілёўцы збіраліся ў цяперашнім будынку сярэдняй школы № 1 на вуліцы Першамайскай.

25 пытанняў і адказаў з гісторыі БНР

Нагадаем, святкаванне Дня Волі пройдзе ў Мінску ў сераду, 25 сакавіка. Мінгарвыканкам дазволіў правядзенне акцыі ў наступным фармаце: збор удзельнікаў з 15.00 да 16.00 каля кінатэатра “Кастрычнік”, шэсце да плошчы Бангалор з 16.00 да 17.00, мітынг у парку Дружбы Народаў да 18.00.

Фота: Еўрарадыё, minsk-old-new.com, oldmensk.net, novychas.info, bymedia.net

euroradio.by