Гомельца затрымалі за саколку з надпісам «Беларусь без Лукашэнкі»

20 чэрвеня ў Гомелі супрацоўнікі дэпартамента службы «Ахова» затрымалі грамадскага актывіста, былога афіцэра міліцыі Уладзіміра Няпомняшчых.

Ён ішоў па вуліцы Савецкай у саколцы з надпісам «За Беларусь без Лукашэнкі», паведамляе «Радыё Свабода».

«Мяне адвезлі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі. ПрапаршчыкВіталь Музычэнка паведаміў, што на саколцы забаронены надпіс. Другі міліцыянт не захацеў сябе назваць. У аддзяленні ахоўнікі сталі пісаць рапарты пра абставіны затрымання. Больш за гадзіну я правёў у РАУС. Прыйшоў дзяжурны супрацоўнік крымінальнага вышуку, пагутарыў са мной і адпусціў», – распавёў Уладзімір Няпомняшчых.

Пасля вызвалення Уладзімір наведаў міліцэйскую службу аховы Цэнтральнага раёна, даведаўся прозвішча напарніка Музычэнка – гэта быў прапаршчык Яўген Ярошык.

Актывіст мае намер спагнаць з ахоўнікаў выдаткі за незаконнае затрыманне і за вымушаны праезд у грамадскім транспарце і атрымаць тлумачэнні ад кіраўніцтва на незаконныя дзеянні падначаленых супрацоўнікаў.

«Саколкі з падобнымі ды іншымі надпісамі я нашу ўжо больш за дзясятак гадоў. Да апошняга часу міліцыя не знаходзіла ў гэтым нейкіх парушэнняў. Хіба толькі пасля справы нашага земляка Юрыя Рубцова, якога ўпеклі за краты за надпіс на саколцы і грудзі «Лукашэнка, сыходзь». Міліцыя, мабыць, стала палохацца любых пазнак на вопратцы», – кажа грамадскі актывіст.