Горш, чым 600 гадоў таму
Некаторыя еўрапейскія палітыкі, напалоханыя дзеяннямі Расіі, убачылі ў беларускім рэжыме гарантыю незалежнасці нашай краіны.
Каб развіваць адносіны з рэжымам, ім вельмі хочацца ўбачыць тут нейкую «лібералізацыю». Напрыклад, у тым, што рэжым фальсіфікаваў апошнія парламенцкія выбары, ў тым ліку, і на карысць дзьвюх прадстаўніц незалежных арганізацый.
Гэтую акалічнасць еўрапейскія «рэал-палітыкі» лічаць дастатковай, каб прызнаць цалкам прызначаны рэжымам беларускі «парламент» сваім партнерам. У апраўданне яны прыводзяць прыклад Азейбарджана, дзе выбары таксама не прызнаюцца міжнароднымі назіральнікамі сумленнымі, але парламенцкая дэлегацыя гэтай краіны прысутнічае у праграме супрацоўніцтва з Еўрапарламентам «Еўранэст».
Безумоўна шкада, што высновы міжнароднага назірання адносна Азейбарджана праігнараваны пры фармаванні «Еўранэста». Магчыма, таму, што гэта азіяцкая краіна, якая не мела працяглага дэмакратычнага досведу ў мінулым.
Але ж Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы. У нас ужо больш за 600 гадоў таму ў гарадах было Магдэбургскае права з выбарамі органаў самакіравання, а шляхта, якая складала да 15% насельніцтва, стагоддзямі выбірала парламент, рэгіянальныя парламенты і караля.
Безумоўна, падчас тых выбараў здараліся і злоўжыванні — подкуп выбаршчыкаў ці ціск на іх. Але галасы лічылі. Стагоддзямі на выбарах у Беларусі галасы лічылі, а зараз, калі іх і ў Афрыцы лічаць, у нас толькі выгляд робяць. Якая ж тут «лібералізацыя», калі з выбарамі стала горш, чым 600 гадоў таму.
Не кажу ўжо пра тое, што ўбачыць у «перасідэнце», які 20 гадоў часткамі прадаваў суверэнітэт краіны, гаранта яе незалежнасці можна толькі з вельмі вялікага перапуду.
Мікалай Статкевіч, facebook.com