«Хартыя’97» адзначае сваё 20-годдзе
Да «Хартыі’97» ставяцца па-рознаму. Нехта вінаваціць сайт у тэндэнцыйнасці, а нехта ўпэўнены, што гэта адное з апошніх медыяў, непадкантрольнае КДБ. У любым выпадку цяжка знайсці беларуса, які б карыстаўся сецівам і ніколі не чытаў гэтай старонкі.
«Навіны даволі цікавыя, і з якога боку гэта паказваюць, таксама мне падабаецца».
«Ёсць, канечне, недахопы, у любога ўраду ёсць недахопы, але на «Хартыі» гэта занадта аднабока паказана».
«Вельмі шмат інфармацыі, якой, напрыклад, няма ў афіцыйных крыніцах. Я магу ўзяць прачытаць, даведацца, што адбываецца ў Беларусі».
«Падабаецца тым, што там гавораць праўду».
Такое меркаванне выказалі жыхары Гомля.
Сёння «Хартыяʼ97» адзначае свае 20-ыя народзіны. І як бачна, за гэты час рэдакцыі ўдалося здабыць сваіх адданых чытачоў.
«Да блакавання сайт «Хартыі» чытала палова дарослага насельніцтва Беларусі, – кажа Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка CHARTER97.ORG. – За апошнія чатыры месяцы нас прачыталі каля 4 мільёнаў унікальных наведнікаў з нашай краіны».
Блакаванне, пра якое ўзгадвае Наталля Радзіна, трывае ўжо амаль 8 месяцаў. Гэта самая доўгатрывалая забарона апазіцыйнага рэсурсу, але не адзіная.
«Хартыюʼ97» ужо блакавалі ў разгар палітычнай барацьбы падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001-га і 2006-га гадоў, узломлівалі пасля Плошчы-2010.
«Хартыя» небяспечная, бо яна ўплывае, – лічыць Мікола Статкевіч, лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу. – Бо «Хартыя» не абыходзіць у адрозненні ад большасці СМІ тую ганебную рэч, той ганебны палітычны факт, што Беларусь – гэта адзіная краіна ў Еўропе, дзе ўлада кантралюецца незаконнаю злачыннаю групоўкаю на чале з былым прэзідэнтам краіны».
Паводле рэдакцыі сайту, за сваю пазіцыю ім давялося заплаціць высокую цану. Тры з паловаю месяцы перад гэтак званымі прэзідэнцкімі выбарамі 2010-га года заснавальніка і першага кіраўніка сайту Алега Бябеніна знайшлі павешаным у сваім лецішчы. Ані цыдулкі, ані паведамленняў рэдактар не пакінуў. Следства вынесла свой вердыкт – самагубства. Калегі ж упэўненыя: Алега Бябеніна забілі, тым самым аслабіўшы каманду кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава.
«Калі Алега знайшлі, на ягоным целе былі гематомы, у яго была сцёртая скура на касцяшках рук, – узгадвае Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка CHARTER97.ORG. – Ён быў без лінзаў, без акуляраў, хаця зрок у яго мінус 10. То бок чалавек практычна нічога не бачыў, ён не мог сам кроку ступіць».
Пры разгоне Плошчы-2010 новую галоўную рэдактарку Наталлю Радзіну збілі і больш як на месяц засадзілі ў засценкі КДБ. Пазней уся рэдакцыя пераехала ў Варшаву.
Пасля бурлівага на пратэсты 2017-га года ўлады ў Беларусі блакаваннем пастанавілі змінімізаваць уплыў «Хартыіʼ97». Між тым, новая пагроза для сайту прыйшла з іншага боку. Міжнародныя фонды, пакліканыя на падтрыманне дэмакратыі і правоў чалавека, адмаўляюцца фінансаваць інтэрнэт-рэсурс.
«Увогуле фонды ідуць «у нагу» з еўрапейскімі чыноўнікамі, якія сёння цалуюцца з Лукашэнкам, пераканана Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка CHARTER97.ORG. – Але гэта вельмі недальнабачная палітыка, якая прывядзе да катастрафічных наступстваў».
А таму сёння сайт звяртаецца па матэрыяльную дапамогу да сваіх прыхільнікаў і чытачоў. Рэквізіт можна знайсці на інтэрнэт-старонках «Хартыіʼ97».
Вітаўт Сіўчык, «Белсат»