Хатні арышт або Філязофія пакараньня па-беларуску (+ Відэа)
Ці дазволяць альтэрнатыўныя спосабы турэмнага зьняволеньня скараціць кантынгент вязьняў?
Гэтае пытаньне сёньня актуальнае для пэнітэнцыярных сыстэмаў у шмат якіх краінах. Зьвязана яно з тым, што цягам апошніх 20 гадоў ва ўсім сьвеце назіраецца імклівы рост злачыннасьці, і адпаведна — рост колькасьці зьняволеных.
А праз гэта ў вязьніцах нестае месца, падвышаюцца выдаткі на турэмныя ўстановы — і на сядзельцаў, і на адміністрацыйны пэрсанал. Што тычыцца заходніх краінаў, то тамтэйшыя экспэрты ды грамадзкасьць усё больш схіляюцца да высновы: людзі, якія ўчынілі нязначнае злачынства, не павінны адбываць пакараньне за кратамі сярод жорсткіх крымінальнікаў. Для гэтай катэгорыі больш мэтазгодны хатні арышт або іншыя, больш гуманныя мэтады стрыманьня.
«Важная ня цяжкасьць пакараньня, а яго непазьбежнасьць»
Паводле дасьледаваньняў, якія праводзілася ў турмах Швэцыі, паказчык рэцыдыву сярод тых, хто праходзіць праз хатні арышт, крыху большы за 10%, а ў тых, хто адседзеў такі ж тэрмін за кратамі, ён удвая вышэйшы. У мінулым дзесяцігодзьдзі ў гэтай скандынаўскай краіне ўвялі сыстэму бранзалетаў — электроннага адсочваньня, як перамяшчаюцца «хатнія арыштанты». Яна абышлася дзяржаве ў 20 мільёнаў даляраў. Штодня пад такім наглядам у сярэднім знаходзяцца 300 чалавек. Выдаткі на аднаго складаюць у дзень 70 даляраў ЗША. А ў турме гэта абышлося б у 200 даляраў.
Упершыню праграму «прабацыі» — так гэта называецца — распрацавалі ў канцы 1980-х у ЗША. Былая савецкая грамадзянка Вольга працуе ў адвакацкіх канторы ў Чыкага. Сярод яе кліентаў — тыя, хто праходзіць праз гэтую праграму.
Вольга: «Тут у ЗША вельмі часта выкарыстоўваецца такое пакараньне за злачынствы кшталту крадзяжу ці за іншыя парушэньні закону, якія не нясуць сацыяльнай небясьпекі, як хатні арышт. І калі прызначаецца гэтая мера стрыманьня, чалавеку надзяюць бранзалет з GPS. Акрэсьленыя нейкія межы ягонага руху па тэрыторыі дому. Калі ж ён парушае ўмовы, адразу ж у штаб, дзе знаходзіцца гэтая GPS-кампанія, паступае сыгнал, за парушальнікам выяжджаюць і, зразумела, дадаюць тэрмін, пераводзяць у турму. У гэты GPS умантаваныя нейкія сэнсары, і калі чалавек, які носіць бранзалет, ужыў, напрыклад, алькаголь ці наркотыкі, што забаронена пры хатнім арышце, то бранзалет праз пот фіксуе колькасьць прынятага, і сыгналы пра гэта таксама трапляюць у штаб. Жарты жартамі, але вось так дзейнічае амэрыканская судовая сыстэма. Як тут кажуць, важная ня цяжкасьць пакараньня, а яго непазьбежнасьць».
У апошнія гады да шырэйшага ўжываньня хатняга арышту ды некаторых іншых альтэрнатыўных турме мераў стрыманьня пачынаюць схіляцца і пэнітэнцыярыі шэрагу былых савецкіх рэспублік — Расеі, Украіны, Казахстану… Тут выкарыстоўваюцца бранзалеты прасьцейшай тэхналёгіі. Адрозна ад амэрыканскіх, яны не рэагуюць на алькаголь ці наркотыкі. Аднак лічыцца, што і іх дастаткова. Такія «прасьцейшыя бранзалеты» гэтаксама надзяюцца чалавеку на нагу. Гэтаксама яму выдаюць мабільна-кантрольную прыладу, якую трэба насіць з сабой, не адыходзячы ад яе больш як на пяць мэтраў. З дапамогай такіх прыладаў паліцыя і адсочвае, дзе цяпер чалавек і куды ён ідзе ці едзе.
Наш зямляк — 30-гадовы Іван, які зь дзяцінства жыве ў Цюмені, насіў электронны бранзалет паўтара года. На такі тэрмін ён быў асуджаны за нязначнае злачынства без ізаляцыі ад грамадзтва, аднак з даволі істотнымі абмежаваньнямі волі. Паводле Івана, ён мог трапіць і ў калёнію, аднак яму пашанцавала — атрымаў альтэрнатыўны хатні арышт:
«З бранзалетам, у прынцыпе, жыў, як і да пакараньня. Рабіў тую самую працу, толькі ня мог па ёй некуды выехаць за межы Цюмені. Бранзалет ніяк не перашкаджаў. Усё тое ж самае, толькі некаторыя маленькія нюансы».
У Беларусі артыкул 125 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу аб хатнім арышце дзейнічае ад 1999 году.Тым ня менш, паводле праваабаронцы цэнтру «Вясна», юрыста Паўла Сапелкі, на практыцы гэтая мера стрыманьня ўжываюцца «незаслужана рэдка». Праваабаронца тлумачыць сытуацыю так званай «філязофіяй пакараньня», якая ляжыць у аснове права дзяржавы караць парушальнікаў закону. Згодна з гэтай філязофіяй у адным грамадзтве пакараньнем можа лічыцца помста, у другім — застрашваньне або папярэджаньне, у трэцім — ізаляцыя або выпраўленьне:
«Сама па сабе філязофія пакараньня застаецца нязьменнай на працягу сотняў гадоў. Гэта пакараньне або пазбаўленьнем волі, або цялеснае, або пакараньне забойствам — сьмяротнае пакараньне. Нейкіх новых думак, канцэптуальных падыходаў мы бачым вельмі мала. І калі на Захадзе яны апрабуюцца, то ў нас падыходы засталіся тыя самыя, што і 200 гадоў таму»
Як дадае праваабаронца, «з моманту прыняцьця палажэньня аб хатнім арышце гэтая норма найчасьцей выкарыстоўвалася ў вёсцы, бо там няма сэнсу вырываць чалавека зь яго гаспадаркі, саджаць у СІЗА недзе ў абласным цэнтры, вазіць яго на сьледчыя дзеяньні ў раённы цэнтар, прымушаць галадаць яго сям’ю, скаціну пакідаць без нагляду. Ён дома, але яго перамяшчэньні абмежаваныя сваім участкам. Калі ў чалавека нязначнае злачынства, то гэта, на мой, погляд, ідэальны падыход. Чалавек працуе і застаецца сацыялізаваным».
Павал Сапелка лічыць, што такі альтэрнатыўны спосаб стрыманьня мог бы выкарыстоўвацца і ў дачыненьні да іншых падсьледных або асуджаных, якія зьдзейсьнілі нязлосныя злачынствы.
Год таму Саўмін Беларусі зацьвердзіў пералік электронных сродкаў кантролю за месцазнаходжаньнем тых, хто адбывае пакараньне па месцы жыхарства — так званых «хімікаў». За некалькі гадоў да пастановы, як паведамлялася ў СМІ, апрабацыю бранзалетаў правялі на пары дзясяткаў асуджаных гэтай катэгорыі. Пра тое, што электронныя бранзалеты могуць выкарыстоўвацца як мера стрыманьня для падсьледных, нейкай адкрытай інфармацыі не было.
Павал Сапелка спыняецца на такім парадоксе беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы: нягледзячы на радыкальнае зьніжэньне колькасьці злачынстваў у Беларусі ў апошнія гады, колькасьць зьняволеных, якія знаходзяцца пад вартай да суду, застаецца амаль нязьменнай, хоць зусім лягічна ёй было б таксама зьніжацца:
«У 2007 годзе было зарэгістравана 180 тысяч злачынстваў, а ў СІЗА было зьняволеных 7258. А ў 2013 годзе было ўчынена 96 676 злачынстваў — гэта значыць, амаль удвая менш. А пад вартай у СІЗА было 5859 чалавек. Гэта сьведчыць, што нейкія альтэрнатыўныя меры стрыманьня не ўжываюцца. Толькі зьняволеньне ў арыштным доме.
А ідзе гэта вось ад чаго. Адрозна ад пераважнай большасьці краін, меру стрыманьня ў Беларусі абірае сьледчы, а санкцыянуе пракурор. Тым часам як стандарт ужо даўно — прымяненьне гэтай меры судом. Таксама неабходнасьць зьняволеньня пад вартай павінна быць абгрунтаваная ня проста нейкімі фармальнымі сьцьвярджэньнямі тыпу „можа схавацца“ і г.д. Такое даўным-даўно ня ёсьць прававым падыходам».
«Увогуле, — працягвае Павал Сапелка, — існуе шэраг захадаў, якія па сіле стрымліваньня роўныя зьняволеньню пад вартай».
Хатні арышт па-беларуску — больш прыніжае, чым турма
Сярод тых, хто атрымаў альтэрнатыўную турэмнай меру стрыманьня на этапе сьледзтва, — і некаторыя палітвязьні.
Вядомую журналістку Ірыну Халіп арыштавалі ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году, у якіх удзельнічаў яе муж Андрэй Саньнікаў. Перад судом яе спачатку ўтрымлівалі ў «амэрыканцы», пазьней — пад хатнім арыштам. Ці пераносіцца хатні арышт лепш за турму?
Суд над Ірынай Халіп, 2011 год
Халіп: «Магу сказаць, што хатні арышт у беларускіх умовах — гэта нашмат горш за турму. Таму што калі ў турме кожны арыштант мае права хаця б на адну гадзіну шпацыру ў турэмным дворыку, пад хатнім арыштам гэта забаронена наагул. Такім чынам, тры з паловай месяцы, калі я знаходзілася пад хатнім арыштам, я ўвогуле ня ведала, што такое сьвежае паветра. Гэта першае. Другое: калі ты ў турме, цябе ад „вертухаяў“ аддзяляюць дзьверы, моцныя, якія ніяк не прабіць, не адчыніць. І гэта як быццам сьцяна. Калі яны сядзяць у тваёй уласнай хаце, гэта сапраўды псыхалягічнае катаваньне. І гэта, мне здаецца. ёсьць толькі ў нас, у Беларусі».
Вядомыя і выпадкі, калі пад хатнім арыштам апынаюцца людзі, якіх арыштавалі не «за палітыку». Ірына Халіп апавядае:
«У суд мяне вазілі ўжо не кадэбэшнікі, якія сядзелі ў хаце, а звычайныя міліцэйскія канвойныя. Неяк у перапынку судовым, калі мяне трымалі пад вартай у судовай залі, мы перакінуліся некалькі словамі з начальнікам канвою. Ён зьдзівіўся, які ёлупень гэта прыдумаў — гэтыя ўмовы хатняга арышту па-беларуску. Ён мне нават расказваў жудасныя гісторыі, як адну маладую жанчыну ахоўвалі два чалавекі, яна была пад міліцэйскім арыштам. У яе была вялікая кватэра-студыя. І вось адна маладая жанчына і два маладыя мужчыны на адной прасторы, нават безь ніякіх дзьвярэй. Гэта не па-людзку, гэта больш прыніжальна за турму.
А ці магчыма ў Беларусі, напрыклад, замест двух ахоўнікаў у кватэры арыштаванага выкарыстоўваць дзеля кантролю за ім электронны бранзалет? Меркаваньне Ірыны Халіп:
«Вядома ж, гэта магчыма. І заканадаўча прыняць, і закупіць гэтыя бранзалеты. І няма ніякага сумневу, што гэта б абышлося нашмат таньней бюджэту, чым трымаць вязьняў, якія пад сьледзтвам, у турмах, чым трымаць, вось як у мяне, некалькіх кадэбэшнікаў 24 гадзіны ў хаце. Гэта ўсё даражэй абыходзіцца. Бранзалет — гэта таньнейшы сродак, мне здаецца. І, магчыма, больш эфэктыўны».
Праблема ў адным: хто зможа стаць ініцыятарам? Праваабаронцы голасу ў Беларусі ня маюць. Тады хто?
«А ніхто ня мае права голасу ў Беларусі, — кажа Ірына Халіп. — У нас толькі адзін чалавек можа што-небудзь ініцыяваць». Але, на думку Ірыны Халіп, гэтаму аднаму няма ніякай справы да ўмоваў, у якіх трымаюць людзей пад хатнім арыштам.
Хатні арышт можа быць розным
Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч адбываў турэмнае пакараньне двойчы. Другі раз яго выпусьцілі на пачатку красавіка 2014 году, і да 8 жніўня ён будзе заставацца пад прэвэнтыўным наглядам. Калі яго арыштавалі першы раз, то працяглай галадоўкай ён дамогся пераводу ў родны Ваўкавыск пад хатні арышт. З-пад арышту ён аднойчы ўцёк, яго абвясьцілі ў вышук. Затрымалі Аўтуховіча ў сталіцы і даставілі назад.
Мікалай Аўтуховіч падчас суду
Аўтуховіч зазначае, што ўмовы хатняга арышту ў яго адрозьніваліся ад тых, калі арыштаваны і ахоўнікі знаходзяцца разам у кватэры. У Аўтуховіча ў Ваўкавыску на вуліцы Чырвонаармейскай — абгароджаная бэтонным плотам тэрыторыя ягонай аўтабазы, таксапарку: з аднаго боку — прахадная, з супрацьлеглага — ягоны прыватны дом, дзе ён і адбываў арышт.
Аўтуховіч: «І ў мяне вялікая тэрыторыя, і яны ў мяне ў хаце не сядзелі. Яны сядзелі на прахадной, дзе вартаўнік калісьці быў. Яны па адным дзяжурылі: дзень і ноч, мяняліся праз дванаццаць гадзінаў. Тэлефанавалі мне з прахадной пасьля дзясятай гадзіны вечара. І цяпер я пад наглядам і павінен быць на месцы зь дзясятай да шостай раніцы, таксама тэлефануюць».
Міліцыянты цяпер ня проста пытаюцца Аўтуховіча праз тэлефон, яны кожны раз хочуць убачыць яго на свае вочы. Вось як гэта адбываецца:
«Пад’яжджаюць, тэлефануюць мне на мабільны тэлефон. І вось выходжу з брамкі на тратуар, пакажуся — і назад дахаты».
Што думае былы арыштант наконт электронных бранзалетаў, якія выкарыстоўваюць у выпадку хатняга арышту і ў Расеі?
Аўтуховіч: «Цывілізацыя. За чалавекам сочаць па кампутары — дзе ён ёсьць. Калі ён выйдзе за рамкі, дзе яму можна быць, паступіць сыгнал. Там кантралюе адзін чалавек цэлы раён, за ўсю інспэкцыю. А тут трэба кожнага спраўдзіць, да кожнага прыехаць, паліць бэнзін. Яны ўсю ноч катаюцца і глядзяць: сьпіць той ці не. Нямала людзей выходзяць з калёніяў умоўна-датэрмінова, і ў іх таксама прэвэнтыўны нагляд. І пакуль ня скончыцца, іх таксама правяраюць ноччу. У іх вельмі шмат працы, каб аб’ехаць усіх».
Але ёсьць выпадкі, калі арыштаваныя ўцякаюць, нават маючы такі электронны бранзалет. Гэта тычыцца і Расеі.
«Каму трэба ўцячы, той уцячэ: з-пад хатняга арышту таксама, а я ведаю нямала выпадкаў, калі людзі і з КПЗ уцякалі, — сьведчыць былы палітвязень. — Калі трэба чалавеку, ён уцячэ, будзе ў яго бранзалет ці не».
Мікалай Аўтуховіч узгадвае і свае ўцёкі з-пад хатняга арышту у Ваўкавыску. Той свой учынак тлумачыць рэакцыяй на ўчыненую ўладамі ў дачыненьні да яго несправядлівасьць.
«Калі я зрабіў уцёкі, яны злавілі мяне ў Менску і кажуць: не супраціўляйся, ізноў сядзеш пад хатні арышт. Прывозяць мяне ў Ваўкавыск, напісалі акт і пратрымалі мяне ў КПЗ да суду. Сказалі: мы б цябе завезьлі дахаты, але мы падлічылі, што каб перакрыць усе выхады з тваёй тэрыторыі, кожны дзень трэба мець восем чалавек. І восем ноччу. Шаснаццаць чалавек на тваёй хаце трымаць? Таму ідзі ты, хлопча, у турму сядзі. Калі я адседзеў суткі ў КПЗ у Ваўкавыску, мяне завезьлі ў Горадню ў турму — да суду».
Два чалавекі зь пісталетамі каля дзьвярэй тваёй спальні
Удзельнік прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году паэт Уладзімер Някляеў, які ўзначальваў грамадзкую кампанію «Гавары праўду!» быў арыштаваны і зьмешчаны ў турму КДБ «Амэрыканка». Пазьней яго перавялі пад хатні арышт. Якія новыя цяжкасьці давялося яму тут зазнаць?
Уладзімер Някляеў у вакне сваёй кватэры падчас хатняга арышту
Някляеў: «Найгоршае тое, што дома ты пад арыштам не адзін, а разам з усімі тваімі роднымі, блізкімі людзьмі, зь якімі ты жывеш. І нават разам з катом і сабакам. Гэта стварае ў табе пачуцьцё неверагоднай напружанасьці. Плюс пачуцьцё віны: ну за што яны павінны мучацца, калі — дапусьцім, я кажу, — вінаваты ў нечым ты?»
Форма хатняга арышту ў Беларусі спэцыфічная, неўласьцівая для іншых эўрапейскіх краінаў.
Някляеў: «Такой формы хатняга арышту, калі ў тваёй кватэры знаходзяцца два ўзброеныя чалавекі, я ня ведаю ні ў якіх найбліжэйшых краінах, у тым ліку ў Расеі. Вось калі сказалі, што Навальны пад хатнім арыштам і ўзяў і пайшоў у краму, то гэта зусім іншыя ўмовы, чым тыя, калі ты ня можаш нават да вакна падысьці.
Прысутнасьць людзей, якія зь пісталетамі сядзяць каля ўваходу ў спальню і глядзяць, як ты сьпіш у ложку з жонкай, тлумачачы гэта тым, што ў любы момант ты можаш надумаць зьбегчы, выскачыць на гаўбец, а з гаўбца — уніз. Гэта напружвае значна больш, чым позірк дзяжурнага ў вочка турэмнай камэры. Дык вось, усё гэта абстрактна яшчэ разумеючы ў турме, я зрабіў спробу адмовіцца ад хатняга арышту, калі мне прапанавалі замяніць ім арышт турэмны. Але ніхто ня стаў мяне слухаць. Мяне як узялі сілком, заламаўшы рукі, прывялі ў турму, таксама й сілком зь яе вывелі».
Ці ня лепей было б выкарыстоўваць электронныя бранзалеты, як у іншых краінах? Уладзімер Някляеў пагаджаецца: такі бранзалет на назе альбо нават падпіска, што ты абавязваесься не выходзіць з дому, — лепшае выйсьце. Хоць сам ён «не хацеў бы ні турмы, ні хатняга арышту».
Начамі ахоўнікі рыпелі падлогай
Ці ўдавалася Ўладзімеру Някляеву ў такіх неспрыяльных умовах хатняга арышту нешта пісаць?
Някляеў: «Чалавек сам па сабе такая істота, што звыкае практычна да ўсяго. У мяне шмат чаго ў жыцьці было, да чаго, мне здавалася, я ніколі ня звыкну. Але што ж рабіць… Зь цягам часу я стаў глядзець на гэтых людзей як на нейкую непазьбежную „памеху“, якая прысутнічае ў доме ў тым ці іншым выглядзе — кран цячэ, ці столь капае, ці падлога рыпіць — дарэчы, як у нашай кватэры паўсюль рыпіць падлога. І вось яны ўночы па гэтай падлозе ходзяць — і так бяссоньніца, а зь імі ўвогуле не заснуць. Што называецца, не было б шчасьця, ды няшчасьце памагло. Я вярнуўся да пісьма на паперы, я маю на ўвазе прозу, а не паэзію, якую я, зразумела, ніколі на кампутары не пісаў. Мне не дазвалялі карыстацца ніякімі прыладамі электроннымі: ні кампутарам, ні тэлевізарам, ні тэлефонам. І толькі вось пад іх наглядам у сшытку можна было нешта пісаць. І я пачаў нарэшце пісаць, і гэта было паратункам. Зрэшты, як і ў турме. Паміж усімі допытамі. Каб ня думаць — што я зрабіў так, ня так? І як мне трэба падрыхтавацца да допыту наступнага? Калі прыходзіў у камэру, браў асадку, сшытачак і пачынаў пісаць. Вельмі хутка да мяне прыклеілася мянушка „пісьменьнік“, якую далі мне канваіры. І яны ня надта заміналі мне ў тым».
Хатняму арышту па-беларуску быў прысьвечаны спэктакль «Двое ў тваім доме» маскоўскага «Тэатру.doc», які спэцыялізуецца на дакумэнтальных пастаноўках.
У 2011 годзе па гарачых сьлядах ён паставіў спэктакль пра хатні арышт беларускага паэта Ўладзімера Някляева. У канцы мінулага году яго паказалі на фэсьце ў Польшчы. Паводле расповедаў тых, хто бачыў пастаноўку, гэта вельмі ўдалая творчая праца. Спэктакль застаецца ў рэпэртуары тэатру і да гэтай пары.