Кандыдат на прэзыдэнта? Ці — кандыдат на новага палітвязьня?
Сустаршыня аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец выступае за падтрымку Статкевіча:
«Мне здаецца, што маральным крокам было б вылучэньне Міколы Статкевіча. Не рэгіструюць – няўдзел, байкот. Палітык, які вылучаўся на мінулых выбарах, дагэтуль сядзіць у турме, абвінавачаны несправядліва. І гэта ўсё ўскрывае абсурднасьць так званых выбараў, абсурднасьць усяго фарсу, які тут наладжваецца з мэтай даказаць, што хтосьці нібыта абірае гэты рэжым.
Таму – Статкевіч. А рэальны кандыдат? Я шчыра скажу: мне здаецца, што няма сэнсу цяпер удзельнічаць у так званых выбарах камусьці з рэальных кандыдатаў. На мой погляд, гэта будзе не кандыдат на прэзыдэнта, а кандыдат за краты, кандыдат на ганьбу».
Вылучэньне Статкевіча ў якасьці адзінага называе «несур\’ёзным» генэральны сакратар (кіраўнік спраў) Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Мечыслаў Грыб. Ён кажа, што партыйны прэзыдыюм аднагалосна прагаласаваў супраць гэтай ідэі:
«Гэта проста несур\’ёзны падыход да такога сур\’ёзнага пытаньня. Як можна ісьці туды, калі ты ведаеш, што там нічога няма? Мы там нічога не здабудзем. І гэта будзе вялікая цана за прэзыдэнцкую кампанію. Мы ж тады яе прапускаем фактычна.
Статкевіча не зарэгіструюць. Зьбіраць подпісы за кандыдата на прэзыдэнта можа сябра толькі зарэгістраванай ініцыятыўнай групы. Яму для гэтага выдаецца пісьмовае пасьведчаньне. І атрымліваецца, што ўсё астатняе ня можа быць выкарыстана».
Старшыня Аб\’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька выступае за «адзіны сцэнар зь некалькімі сьпікерамі»:
«І кожны выконвае сваю функцыю, сваю частку працы. Гэта азначае, што павінен быць задзейнічаны і Статкевіч, і сьпікер, які будзе зьвяртацца да пасіўных прыхільнікаў пераменаў. А іх падчас крызісу становіцца ўсё болей і болей. Калі ж мы робім толькі адну частку працы, то гэта будзе толькі аднабаковая выбарчая кампанія. І яна ня дасьць таго плёну, на які сёньня можна разьлічваць.
Што тычыцца канкрэтных прозьвішчаў, то тут няма чаго варажыць на кавовай гушчы. Тут ёсьць Статкевіч. І ёсьць Лябедзька. Больш ніхто з тых, у каго ёсьць пэўны досьвед і за кім стаяць пэўныя палітычныя структуры, пра свае палітычныя амбіцыі не заяўляў. Хоць я не выключаю, што той жа «Народны рэфэрэндум» можа вылучыць кагосьці ў прэзыдэнцкую кампанію ў якасьці сьпікера».
«Сярод лідэраў апазыцыі ёсьць некалькі чалавек, якія маглі б балятавацца на гэтых выбарах», – кажа намесьнік старшыні грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў:
«Пра сваё жаданьне казаў і паўтарае гэта Анатоль Лябедзька. Таксама выказваўся Ўладзімер Някляеў. Мне падаецца, што ёсьць каму ісьці. Аднак такімі кандыдатамі могуць стаць і нейкія новыя асобы, якія ўжо вядомыя ў грамадзтве. Чаму не?
Самае галоўнае, каб удзел у выбарах і ўся гэтая праца потым не змарнаваліся і сапраўды прывялі да зьменаў у грамадзтве. І мы гэта робім праз «Народны рэфэрэндум». Таму мы падтрымліваем Някляева, які стаіць на пазыцыях «Народнага рэфэрэндуму» і які пастаянна кажа пра неабходнасьць у краіне мірных пераменаў. Пасьля прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі вельмі выразна бачна, наколькі такі падыход адрозьніваецца ад пазыцыі ўлады, якая ня хоча нічога зьмяняць».
Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 лістапада 2015 году.