Навіны

Хілары Клінтан згадала ў Вільні пра Бяляцкага, Саннікава і Статкевіча

Дзяржсакратар ЗША заявіла, што правы чалавека ў Беларусі працягваюць парушацца.

У Беларусі працягваюць парушаць правы чалавека, заявіла дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан, выступаючы 6 снежня на 18-й сесіі Савета міністраў АБСЕ ў Вільні.

У прыватнасці, падкрэсліла Клінтан, у Беларусі працягваецца пераслед праваабаронцаў. «Алесь Бяляцкі нядаўна быў асуджаны нібыта за няўплату падаткаў.

Але рэальна яго судзілі за тое, што ён абараняў правы іншых», — заявіла дзяржсакратар ЗША.
Акрамя Бяляцкага, адзначыла яна, у Беларусі ёсць і іншыя палітвязні — у прыватнасці, экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч.

Хілары Клінтан таксама паведаміла, што сёння адбудзецца яе сустрэча з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці краін-членаў АБСЕ, у тым ліку Беларусі, на якой будуць абмяркоўвацца новыя выклікі ў сферы абароны правоў чалавека і магчымасці барацьбы з імі.

Сесія Савета міністраў АБСЕ будзе працаваць 6–7 снежня. Удзел у сесіі прымаюць міністры замежных спраў 56 краін-членаў АБСЕ, у тым ліку кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Мартынаў.

Наша Ніва