«Хімік» Юры Рубцоў абвясьціў галадоўку?

Мікалая Статкевіча па-ранейшаму трымаюць ў крытай турме. Спатканьне Ігара Аліневіча з бацькамі замест трох дзён доўжылася толькі дзень. Сябры перадалі Яўгену Васьковічу кнігі і калядныя падарункі. Андрэй Бандарэнка ў карцэры атрымлівае лісты ад сяброў і сваякоў. Актывісты не выключаюць, што «хімік» Юры Рубцоў абвясьціў галадоўку.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч дагэтуль знаходзіцца ў адзіночнай камэры магілёўскай турмы, хаця тры гады турэмнага рэжыму для Статкевіча закончыліся і яго мусілі перавесьці ў калёнію. Пра гэта паведаміла жонка апазыцыянэра Марына Адамовіч.

«Суду не павінна быць. Скончыўся тэрмін і яго аўтаматычна мусяць перавезьці. Я туды тэлефанавала, але нічога не зьмянілася».

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 год зьняволеньня нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году. Сваёй віны палітык не прызнаў і адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні. Тры гады таму Мікалая Статкевіча як злоснага парушальніка рэжыму зьмясьцілі ў крытую магілёўскую турму, цяпер ён сядзіць ў адзіночнай камэры.

————————————–

У калёніі «Віцьба-3» адбылося спатканьне палітвязьня Ігара Аліневіча з бацькамі. Гэта было доўгатэрміновае спатканьне, але замест 3 дзён бачыцца з сынам дазволілі толькі адзін дзень«, — паведаміла маці палітвязьня Валянціна Аліневіч.

«Па законе спатканьне можа быць ад сутак да трох і адміністрацыя сама вырашае, колькі даць. Там пытаньня не задаюць, вы разумееце,чаму. Мы былі рады і гэтым суткам. Што да таго, як ён выглядае, дык ён ніколі не скардзіцца, кажа што зь ім ўсё добра. Але мне гэтак не падаецца. Аднак псыхалягічна ён нармальны, не разгубіўся, ў добрым настроі», — паведаміла Валянціна Аліневіч.

Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч асуджаны на 8 год зьняволеньня за хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў. Палітвязьня трымаюць ў калёніі пад Віцебскам. Аліневіч адмаўляецца падпісваць прашэньне аб памілаваньні і некалькі разоў трапляў у карцэр.

————————————–

Актывісту Яўгену Васьковічу напярэдадні Калядаў журналісты з Беларускай асацыяцыі журналістаў даслалі падарункі, цёплыя рэчы і падпісалі яго на шэраг пэрыядычных выданьняў. Яўгена Васьковіча трымаюць цяпер ня ў крытай турме, а ў магілёўскай калёніі, ён мае магчымасьць працаваць. Васьковіч асуджаны на 7 год за хуліганства адносна будынку КДБ у Бабруйску. Праваабаронцы мяркуюць, што пакараньне яму несувымернае учынку.

————————————–

Заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэй Бандарэнка, які асуджаны на 3 гады за злоснае хуліганства, ужо другі месяц знаходзіцца ў карцэры Бабруйскай калёніі. Бацька вязьня Валер Бандарэнка паведаміў, што да сына ў карцэр даходзяць лісты ад сваякоў і сяброў.

«Атрымлівае лісты. Вось паведаміў, што ад сябра атрымаў, ад знаёмых. Усе атрымлівае лісты. Так мяркую, што адміністрацыі калёніі не трэба, каб былі нейкія канфлікты там унутры».

Андрэй Бандарэнка патрапіў у складанае становішча —некаторыя вязьні калёніі перасталі зь ім кантактаваць, ён апасаецца правакацыяў і таму сам напісаў заяву на зьмяшчэньне ў карцэр. Паводле апошняга рашэньня Бандарэнка будзе знаходзіцца ў карцэра да 12 студзеня.

Частка беларускіх праваабаронцаў лічыць, што з Бандарэнкам улады паквіталіся за ягоную праваабарончую дзейнасьць, іншыя мяркуюць, што ён быў асуджаны за сваю віну.

————————————–

Дзе знаходзіцца «хімік» Юры Рубцоў, ці не абвясьціў ён галадоўку?

Маўчыць тэлефон Юрыя Рубцова, які напачатку тыдня прыехаў у вёску Куплін Пружанскага раёну для адбыцьця «хіміі». Вядома, што Юры Рубцоў на знак пратэсту адмаўляецца падпісваць дакумэнты, якія адносна яго складаюць ў спэцкамэндатуры Купліна. Апазыцыянэр Павал Севярынец не выключае, што калі міліцыянты прымуць пэўныя захады супроць Рубцова, той, як папярэджваў, абвесьціць галадоўку.

«Ён мне сказаў, што, калі вы будзеце тэлефанаваць і цягам двух дзён мяне ня будзе на сувязі, дык гэта значыць, што я пачаў галадоўку».

Сувязі з Юрыем Рубцовым няма з пятніцы, 26 сьнежня. Датэлефанавацца ў спэцкамэндатуру Куплін пакуль не ўдалося.

Юры Рубцоў асуджаны на 2 гады «хіміі» нібыта за зьнявагу судзьдзі. На суд, падчас якога адбыўся інцыдэнт, Рубцова прывезьлі распранутага — міліцыянты забралі ў яго майку з надпісам «Лукашэнка, сыходзь». Праваабаронцы ужо заявілі, што лічаць Рубцова беларускім палітвязьнем.

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода