Грамадская акцыя

Хто не баіцца, прыходзьце – я там буду.

У панядзелак заяўленая чарговая акцыя прадпрыймальнікаў на Кастрычніцкай плошчы.

Мікалай Статкевіч прапанаваў перад яе пачаткам разам прыйсці да прыёмнай адміністрацыі прэзідэнта, каб паказаць нашую нязгоду са спробай улады за наш кошт ліквідаваць наступствы свайго бязглуздага кіравання эканомікай. Аб гэтым ён напісаў у сваім Фэйсбуку:

“Цяпер ужо відавочна, што рэжым будзе вырашаць створаныя ім эканамічныя праблемы выключна за кошт простых беларусаў. Спроба ліквідацыі ІП, абмежаванні на атрыманне з-за мяжы танных і якасных тавараў, усё новыя падаткі, рэзкі рост паслуг ЖКГ — гэта яшчэ толькі пачатак рабаўніцтва народа. Вынаходзяцца ўсё новыя спосабы забраць у беларусаў іхнія ўсё больш танныя рублі. Дайшлі да таго, што прымушаюць людзей саміх пісаць заявы з “просьбай”, каб ім паменшылі заробкі. І тыя пішуць…
Пакуль мы трываем, гэты будзе забіраць у нас усё больш. Пара яго спыняць. Для пачатку яму трэба давесці, што з намі так больш нельга.

Ведаю, што ў панядзелак 22 лютага на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску адбудзецца чарговы мітынг у падтрымку ІП. Падтрымоўваю гэты мітынг, але прапаную перад яго пачаткам прыйсці да прыёмнай адміністрацыі “прэзідэнта” і прынесці з сабой заявы з патрабаваннем адмены ўказа 222, адмовы ад абмежаванняў на атрыманне і асабісты ўвоз рэчаў з-за мяжы, зніжэння коштаў паслуг ЖКГ.

Заявы можна і не аддаваць, але варта прыйсці адначасова, каб самым фактам нашага массавага прыходу мы маглі паказаць нашую нязгоду са спробай улады за наш кошт ліквідаваць наступствы свайго бязглуздага кіравання эканомікай. У іх ёсць шмат іншых спосабаў зэканоміць. Напрыклад, скараціць колькасць дармаедаў ад улады.

Заклікаю тых, хто нязгодны плаціць за правалы ўлады, прыйсці да прыёмнай адміністрацыі “прэзідэнта” (уваход у адміністрацыю з боку вуліцы Кірава каля “Прэзідэнт-Атэлю”) ў 12.00 у панядзелак 22 лютага. Гэта вашае законнае права прыходзіць у тую прыёмную са сваімі пісьмовымі ці вуснымі патрабаваннямі. Для таго ж тая прыёмная і існуе. Ніякіх дазволаў для гэтага не патрабуецца.

Пасля таго, як сваім масавым прыходам да будынку яго адміністрацыі, мы выкажам “прэзідэнту” сваё стаўленне да яго палітыкі, можна будзе перайсці на Кастрычніцкую плошчу і ўзяць удзел у мітынгу.
Калі мы будзем маўчаць і пакорліва аддаваць сваё, то яны забяруць усё.

Хто не баіцца, прыходзьце — я там буду.”

Са старонкі Мікалая Статкевіча ў Фэйсбук