Навіны

Ігар Аліневіч: Турэмшчыкі баяцца толькі аднаго – сілы

Турэмны побыт у Беларусі не адрозніваецца практычна нічым ад таго, што адбывалася ў сярэдзіне мінулага стагоддзя.

Пра гэта ў каментары сайту ПЦ “Вясна” заявіў былы палітвязень Ігар Аліневіч. За кратамі ён шмат чытаў, у тым ліку ўспаміны вязняў ГУЛАГа і параўноўваў іх умовы ўтрымання з тымі, што зазнаў сам.

“Калі я чытаў успаміны вязняў ГУЛАГа: Салжаніцына, Шаламава, Гінзбург, Копелева, то эмацыйны чыннік быў ідэнтычным таму, што адчуваў я, што адчувалі мае сябры-арыштанты. Матэрыяльна-тэхнічная частка, структура, арганізацыя маюць нейкія адрозненні, але падмурак адзін і той жа застаўся.

Турэмны побыт не адрозніваецца практычна нічым у параўнанні з 30-мі гадамі. Я памятаю, як я зачытваў цэлыя абзацы суседзям-вязням пад бурныя воклічы, бо ніхто не мог паверыць, што настолькі ўсё падобна”, – сказаў ён.

Аднак, нават у турме, на думку Ігара Аліневіча, у чалавека з\’яўляюцца хатнія пачуцці.

“На волі людзі думаюць, што мы – вязні, адбываем пакаранне, на працу як быццам ходзім, у форме там. Зэк у лагеры жыве. Ён абзаводзіцца бытам, у яго з\’яўляюцца нейкія хатнія пачуцці да гэтага месца, ён прывязваецца. Немагчыма змясціць чалавека на некалькі гадоў у нейкую замкнёную прастору і каб ён там не абжываўся. І вось менавіта гэтаму натуральнаму пачуццю ўсяляк перашкаджаюць”, – мяркуе актывіст.

З кожным годам умовы ўтрымання пагаршаліся. У тым ліку, у калоніях няма дастатковага медычнага абслугоўвання:

“Ёсць распаўсюджанае меркаванне сярод асуджаных, што лячэння ў зонах няма. Ёсць некаторыя лекары, але ўсіх неабходных спецыялістаў няма. Людзі жывуць там шмат гадоў, у чалавека ёсць права на медыцынскае абслугоўванне, толькі лекараў няма”.

А статус палітвязня мае дваякі ўплыў:

“З аднаго боку, калі ёсць загад ціснуць – на чалавека цісне адміністрацыя, або ціснуць пры дапамозе іншых асуджаных. З іншага боку, хто з турэмшчыкаў разумнейшыя, яны не жадаюць удзельнічаць у такіх акцыях, бо ўсе разумеюць, што рэжым не вечны, рана ці позна сітуацыя зменіцца, і давядзецца адказваць перад грамадствам. Што тычыцца зэкаў, то я скажу так: усё залежыць ад чалавека. І статус палітычнага нічым не дапаможа. У кагосьці гэта выклікае зайздрасць, у кагосьці – павагу, а большасці – усё адно. Яны глядзяць на чалавека, на асобу і, зыходзячы з гэтага, прымаюць пастанову.

Палітычнасць – гэта толькі адзін з тэгаў, які можа быць у зэка і азначае нейкае асаблівае стаўленне, але толькі ў нейкай частцы. У першую чаргу, усё залежыць ад асобы. Я бачыў да палітычных як добрае стаўленне, прынамсі, як у мяне, некаторых маіх таварышаў з арыштанцкай масай усё было добра. А да многіх іншых палітычных стаўленне было дрэннае, бо яны не маглі паставіць сябе як мужыкі”.

Паводле слоў Ігара Аліневіча, турэмшчыкі баяцца толькі аднаго:

<>i”За пяць гадоў я магу дакладна сказаць, што турэмшчыкі баяцца толькі аднаго – сілы. Калі яны бачаць, што чалавек не згінаецца, калі бачаць, што ён ахвяруе сваім дабрабытам, здароўем, усё роўна ідзе напралом да мэты, яны ад яго адстаюць. Заўсёды. Ім прасцей выказаць свае альбо садысцкія схільнасці, альбо карыслівасць, альбо яшчэ што-небудзь у дачыненні да іншага, больш слабага. Ад моцных у выніку адстаюць заўсёды”.

Пасля вызвалення ў былога палітвязня пачаўся новы этап жыцця:

“Я пражыў другое жыццё там. Для мяне няма такога, што вось прайшло пяць гадоў і я стаў жыць далей з таго моманту, як мяне пасадзілі. Не. Я жыву з таго моманту, як мяне вызвалілі, новы этап жыцця. А тое, што было да пасадкі, я пазабываў ужо імёны, назвы вуліц, я Менск не пазнаю. Я адчуваю, што цалкам выпаў з мінулага жыцця. Няма яго, усё, цягнік сышоў”.

Ігар Аліневіч быў выкрадзены спецслужбамі ў Расеі, незаконна вывезены ў Рэспубліку Беларусь і змешчаны ў следчы ізалятар КДБ (“Амерыканка”). Асуджаны 27 траўня 2011 судом Заводскага раёна Менска паводле ч.2 арт.339 КК (злоснае хуліганства), ч.2 і ч.3 арт.218 КК (пашкоджанне маёмасці агульнанебяспечным спосабам і ў асабліва буйным памеры) да 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Знаходзіўся ў калоніі №10 у Наваполацку, у ліпені 2014 пераведзены ў калонію “Віцьба-3”. 22 жніўня 2015 года выйшаў на волю паводле ўказу Лукашэнкі аб памілаванні шасці палітвязняў. У турме напісаў кнігу “Еду ў Магадан”.