ІнтэрнэтНавіны

ІТ-этычны фактар

Нядаўна паразважаў крыху аб ролі Інтэрнэта, якую мы, здаецца, яшчэ далёка не ацанілі. Паспрабаваў ацаніць яго маральны ўплыў у “будучыні, і хачу падзяліцца сваімі разважаннямі, якія я назваў “ІТ-этычны фактар”.

З развіццём Інтэрнэту ўсталявалася відавочная тэндэнцыя, што рост тэхнічных магчымасцяў па захоўванню інфармацыі апярэджвае рост колькасці размяшчаемых у Сеціве дадзеных. Гэта значыць, што для захоўвання новай інфармацыі няма неабходнасці ў выдаленні старой, і што ўсё, трапіўшае ў Інтэрнэт, можа захоўввацца там вечна. не ведаю, ці будзе там захоўвацца змесціва старонак сацыяльных сетак большасці карыстальнікаў, але архівы папулярных сайтаў і дзяржаўных устаноў – вельмі імаверна. Не буду казаць, якое гэта шчасце для гісторыкаў і аўтараў гістарычных твораў. Паразважаем лепей пра ўплыў гэтага фактара на лёсы нашых нашчадкаў і іх мараль. Гадоў праз некалькі дзесяткаў. Ці сотняў. А мо і болей.

Вялікую цікаўнасць у будучыні будзе выклікаць магчымасць лёгка прасачыць радавод кожнага з моманту пачатку Інтэрнэт-эпохі. Напрыклад. працадаўцы атрымаюць магчымасць даследаваць, ці маюцца сярод продкаў прэтэндэнта на адказную пасаду асобы, аскджаныя за крымінальныя злачынствы. Значнасць фактара наследнасці ў нашых паводзінах ніхто ж ужо і не аспрэчвае.

Але многім, асабліва тым, хто толькі пачынае свядомае жыццё, будзе цікава даедацца, кім былі іх продкі, як жылі, чым займаліся, чым праявілі сябе ў публічным жыцці.

Асаблівая цікаўнасць да лёсаў продкаў будзе ў тых краінах і да тых перыядаў, калі там адбываліся лёсавызначальныя падзеі. Напрыклад, у краінах, якія пасля пачатку Інтэрнэт-эпохі заставаліся несвабоднымі, будзе вельмі цікавым перыяд іх несвабоды і вызвалення. Безумоўна, цікаўнасць большасці, хто будзе звяртацца да таго перыяду, каб высветліць ролю сваіх продкаў у пераломную эпоху, застанецца без задавалнення. Гэта натуральна,бо большасць ніяк не выяўляецца ў такія эпохі, і, адпаведна, не трапляе на старонкі інфармацыйных парталаў. Але будуць і тыя, хто прачытае пра мужнасць і змаганне, ахвяры і пакуты, годнасць і ідэалізм сваіх продкаў. Гэта абудзіць у нашчадкаў пачуццё гонару, дапаможа жыць і годна сустракаць жыццёвыя выпрабаванні.

Праўда, там, у будучыні, будуць і тыя, хто зрабіўшы ў пашуковіку запыт з прозвішчам свайго продка, даведаюцца пра нізасць і халуйства, пра несумленныя прысуды і ілжывыя сведчанні, пра пераследы і і катаванні. Такое, асабліва у раннім узросце, можа атруціць і сапсаваць усё астатняе жыццё цікаўнаму нашчадку. А што, калі такі запыт зробіць таемны недобразычліўца, а потым абвесціцьаб яго выніках асяродак такога нашчадка? А калі каханая дзяўчына, каб плануемае сумеснае дзіцё не апынулася потым у апісаным вышэй становішчы?

Магчымасць такой сітуацыі будзе уплываць на паводзіны людзей у будучыні. Бо хто ж захоча быць праклятым нашчадкамі за свае нізкія ўчынкі.

У паданнях многіх рэлігій і ў пазнейшых тэорыях гаварылася аб таямнічым “тым” свеце, ці інфармацыйным полі, ці яшчэ нечым падобным, дзе захоўваецца памяць аб усіх чалавечых учынках, як добрых, так і благіх.А потым за гэтыя ўчынкі павінны разлічвацца іх нашчадкі на працягу многіх “каленаў”. Атрымоўваецца, што ўсе гэта пачынае ў нечым збывацца на нашых вачах, толькі з дапамогай вынайдзеных чалавекам тэхналогій. Як ні дзіўна, але пачынае спраўджвацца старадаўні праклён: “Грахі злачынцы ды падуць на галовы нашчадкаў яго”. Толькі чалавецтва пакуль яшчэ гэта не зразумела…

Мікалай Статкевіч
Магілёў, СТ-4