Каго меў на ўвазе Мікалай Статкевіч?

Мікалай Статкевіч зноў звярнуўся да падзей двухгадовай даўніны, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў. Лісты былога кандыдата ў прэзідэнты, які зараз знаходзцца ў магілёўскай турме, друкуе сайт палітыка. На гэты раз абвінавачанні проста персанальныя.

Сітуацыю аналізуе “Народная Воля”:

“… чаго каштуюць толькі паводзіны самага “хрысціянскага” кандыдата. У маёй судовай справе было тры даносы ад яго – на мяне (зроблены да выбараў) , на Дзіму Усса і на ўсіх удзельнікаў Плошчы (зробленыя падчас следства)”, – напісаў Статкевіч.

Нецяжка здагадацца, што маецца на ўвазе Віталь Рымашэўскі, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.

Дарэчы, пра даносы Статкевіч ужо пісаў у адным з папярэдніх лістоў, але тады ніяк не намякнуў на тое, хто меўся на ўвазе. Але ўжо тады тэма актыўна абмяркоўвалася сярод палітыкаў. Віталь Рымашэўскі казаў, што пытанні, ўзнятыя Статкевічам, важныя і актуальныя. І што неабходна шчырая, сур’ёзная размова пасля вызвалення ўсіх палітвязняў.

Вось даслоўная цытата Рымашэўскага, яго каментарый да першага скандальнага ліста Мікалая Статкевіча. «Асноўнае пытанне, якое задае Статкевіч, —  трэба сур’ёзна абмеркаваць тое, што адбылося на Плошчы, пасля Плошчы і напярэдадні. Няма нічога таемнага, што не стала б вядомым. Мне вядомыя некаторыя рэчы з паказанняў, з якімі я знаёміўся, з матэрыяламі іншых кандыдатаў, якія трапілі дзіўным чынам у маю справу. Многія рэчы мусілі быць агучаныя ўжо даўно. Але з-за таго, што людзі знаходзяцца за кратамі, іх агучваць немагчыма. Але калі высноваў не рабіць, то падзеі будуць паўтарацца», — сказаў Рымашэўскі

Зараз, калі намёк Статкевіча стаў зусім празрыстым, Віталь Рымашэўскі ўсё адмаўляе. І спасылаецца на тое, што лісты Статкевіча праходзяць цэнзуру.

З лістоў, дарэчы, бачна, што да гэтай часткі цэнзура рукі не прыклала. Такім чынам, што Статкевіч хацеў напісаць — тое і напісаў. І неяк “не так” яго зразумець немагчыма.

Можна прыпомніць і тое, што яшчэ адзін кандыдат у прэзідэнты – Дзмітрый Усс  – не аднойчы падкрэсліваў у інтэрв\’ю, што з Рымашэўскім ён не кантактуе. Але з прамымі абвінавачваннямі не выступаў. 

Зараз Дзмітрый Усс нарэшце таксама выказаўся больш канкрэтна.

– Я лічу, што Статкевічу такую інфармацыю падкінулі спецслужбы. Чаму менавіта супраць Рымашэўскага? Таму што ён ім стаў нязручны з-за кампаніі байкоту выбараў. Хоць па Рымашэўскаму і ў мяне былі пытанні. Я ведаю, што і ў маёй справе былі яго негатыўныя паказані. Але, думаю, што калі ён трапіў у гэтую сістэму, то проста разгубіўся. І яму ўмела “дапамаглі” даць негатыўныя паказанні – такія, каб іншыя даўжэй заставаліся за кратамі. Але я не думаю, што Рымашэўскі сеў і наўмысна напісаў данос, — заявіў Усс “Народнай Волі”. 

Мы звярнуліся па каментар і да кіраўніка выбарчага штаба Статкевіча Сяргея Марцэлева, які таксама адсядзеў у СІЗА КДБ і трапіў пад крымінальную справу. Ён расказаў: “У маёй і Паўла Севярынца крымінальнай справе (яна ў нас чамусьці агульная) былі двухсэнсоўныя паказанні аднаго з лідэраў БХД, але не Рымашэўскага. Гэтыя паказанні дазволілі следчай групе падвесці тое, што адбылося, пад трактоўку “здзейснена групай асобаў па папярэдняй змове”. Аб ролі Рымашэўскага я даведаўся ад Дзмітрыя Усса, 17 мая 2011 года, сустрэўшы яго на судовым працэсе над Мікалаем. Пасля факты былі падцверджаны людзьмі, якія знаёміліся з крымінальнай справай Статкевіча. Так што гэта не адарваныя рэфлексіі чалавека ў зняволенні, а сухія факты. Што тычыцца “самага хрысціянскага кандыдата”, то я далёкі ад пракурорскага апломбу і магу толькі сказаць: “Бог яму суддзя”. 

Сам Віталь Рымашэўскі таксама пракаментаваў апошні паварот у спробе высветліць праўду пра Плошчу. “З Міколам Статкевічам трэба размаўляць пасля яго вызвалення. І тады можна будзе даведацца, якія матэрыялы яму падсоўвалі ці не падсоўвалі, якая інфармацыя да яго даходзіць. Гэта датычна і пазіцыі па байкоце выбараў, і ўсіх іншых пытанняў. Вядома, з якімі цяжкасцямі да яго і ад яго трапляе ўся праўдзівая інфармацыі. Таму ўсе размовы зараз я лічу спекуляцыямі на тэму Плошчы. Аднак, я лічу, людзі павінны ведаць усю праўду пра ўсіх кандыдатаў. Трэба сур’ёзна абмеркаваць тое, што адбылося на Плошчы, пасля Плошчы і напярэдадні. Няма нічога таемнага, што не стала б вядомым. Мне вядомыя многія рэчы, якія мусілі быць агучаныя ўжо даўно. З-за таго, што людзі, асуджаныя за падзеі 19 снежня дагэтуль знаходзяцца за кратамі, іх агучваць немагчыма, бо гэта нашкодзіць самім палітвязням. Аднак, калі высноваў не рабіць, то падзеі будуць паўтарацца”, — заявіў Рымашэўскі прэс-службе БХД.

Народная Воля