«Калі ласка, станьце побач з намі, падзяліце наш боль і заступіцеся за нас!»

Маці, жонкі, нявесты тых, хто быў затрыманы, зьбіты і беспадстаўна асуджаны пасьля выбараў 2010, ці патрапіў за краты ўжо ў 2011 годзе, зьвярнуліся да кіраўнікоў хрысьціянскіх цэркваў у Беларусі з заклікам аб дапамозе ў вызваленьні палітвязьняў.

Зварот падпісалі Наста Палажанка, Ала Саньнікава, Марына Адамовіч, Тацьцяна Севярынец, Вольга Бандарэнка, Натальля Пінчук і Марына Лобава.

Зварот адрасаваны Патрыяршаму экзарху ўсяе Беларусі, мітрапаліту Менскаму і Слуцкаму Філарэту, апостальскаму нунцыю ў Беларусі арцыбіскупу Кляўдыё Гуджэроцьці, арцыбіскупу Менска-Магілёўскаму, мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу, архімандрыту Сяргею Гаеку, біскупу Сяргею Хомічу, Майсею Астроўскаму, Вячаславу Ганчарэнку і Леаніду Біруку.

Шаноўныя Айцы Пастары!

Мы, матулі, жонкі, нявесты людзей, якія былі затрыманыя, збітыя і беспадстаўна асуджаныя пасля выбараў 2010, ці патрапілі за краты ўжо ў 2011 годзе – Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Зміцера Бандарэнкі, Паўла Севярынца, Зміцера Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Алеся Бяляцкага, звяртаемся ў гэты светлы час Божага Нараджэння да Вас, Шаноўныя Пастары, з заклікам аб дапамозе: паспрыяйце, калі ласка,  хуткаму вызваленню нашых любых блізкіх.

Нашыя сыны, мужы і жаніхі – выдатныя, мужныя людзі Беларусі:  дыпламаты, пісьменнікі, грамадскія дзеячы, праваабаронцы, шчырыя вернікі і правыя людзі. Яны любяць нашу краіну  і людзей, і не заслугоўваюць, каб цяпер пакутаваць у турмах.

Свята Божага Нараджэння  – гэта Свята сямейнае,  і нам, як усім звычайным людзям, хацелася  б яго правесці дома з нашымі блізкімі.

Прайшоў ужо год, як яны ў вязніцы. Для нас ён стаўся крыжовым шляхам пакутаў і цярпенняў. Многія з нас самі прайшлі праз арышты, суды і турму ў абарону сваіх мужоў і сыноў; мы не кажам ўжо пра боль, слёзы, невыспаныя ночы.  Мала таго, што яны несправядліва асуджаныя і знаходзяцца ў зняволенні, на іх аказваецца пастаянны ціск: фізічны, духовы і маральны. Зміцер Дашкевіч  за  гэты час страціў маці, перажыў некалькі цяжкіх этапаў і цяпер з-за пагрозы свайму жыццю  адбывае пакаранне ў камеры-адзіночцы, як і Андрэй Саннікаў.  Ад  Андрэя Саннікава ўжо другі месяц няма фактычна ніякіх звестак, да яго не можа патрапіць ні жонка, ні адвакат.  Пасля ўступлення прысуду ў сілу ён перажыў ужо два этапы, змяніў тры вязніцы.  Мікола Статкевіч у камеры чакае чарговага суду – яму пагражае перавод у турму.  Зміцер Бандарэнка – хворы, патрабуе неадкладнай медычнай дапамогі, бо інакш можа стацца інвалідам. А Бацька Алеся Бяляцкага цяпер на мяжы жыцця і смерці з-за раку лёгкіх. Ёсць яшчэ іншыя зняволеныя, якія адбываюць срокі па палітычным матывам, такія як Мікола Аўтуховіч, Яўген Васьковіч, Ігар Аліневіч і іншыя.

Мы прайшлі фактычна ўсе беларускія судовыя інстанцыі, зрабілі ўсё, што было ў нашых, чалавечых сілах, але марна.  Цяпер мы спадзяемся на Бога і Яго Ласку, Міласэрнасць і Цуд. Верым, што Бог дзейнічае праз людзей.  І зараз усе мы чакаем цуда Божай Справядлівасці і Вашага дзеяння!

Сёння мы, жанчыны, просім дапамогі  тых, хто мог бы абараніць нас і нашыя сем’і. Ведаем, што Вы сустракаецеся з кіраўніком дзяржавы, разумеем, што Вы пакліканы прапаведаваць Евангелле моцным гэтага свету.  “Дух Гасподні на Мне; бо Ён памазаў Мяне звеставаць убогім і паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленне, сляпым празрэнне, адпусціць спакутаваных на свабоду, абвяшчаць год Гасподняга спрыяння.” Лукі 4:18-19.

Калі ласка, станьце побач з намі, падзяліце наш боль і заступіцеся за нас!

Будзем вельмі ўдзячныя Вам.  Няхай Бог дабраславіць Вас у гэтай слушнай справе. Не бойцеся!