ВідэаНавіны

У Вільні ідзе цырымонія пахаваньня Кастуся Каліноўскага. ЖЫВАЯ ТРАНСЬЛЯЦЫЯ

22 лістапада Свабода трансьлюе ў жывым відэаэфіры віленскія ўрачыстасьці перапахаваньня Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і яшчэ 18 удзельнікаў паўстаньня 1863–64 гадоў.

YouTube player

Жывая трансьляцыя з Катэдральнага пляцу распачалася ў 9.30 і завершыцца пасьля 17.00. Эфір вядуць журналісты Свабоды Аляксандра Дынько і Дзьмітры Гурневіч.​ Трансьляцыя даступная таксама на Facebook і «ЎКантакце».

13.05 У саборы пачалася імша, яна будзе цягнуцца каля гадзіны. Прысутных павіталі на літоўскай, польскай, беларускай і ангельскай мовах, затым сьвятары прамаўлялі па-літоўску, па-польску і па-беларуску.

22 лістапада 2019 года віленскія ўрачыстасьці перапахаваньня Кастуся Каліноўскага

22 лістапада 2019 года віленскія ўрачыстасьці перапахаваньня Кастуся Каліноўскага

22 лістапада 2019 года віленскія ўрачыстасьці перапахаваньня Кастуся Каліноўскага

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда (зьлева) цісьне руку прэзыдэнту Літвы Гітанасу Наўседу

12.45 Прыехалі прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. У саборы пачалася закрытая ўрачыстая цырымонія.

12.30 Да касьцёлу прыбыла беларуская дэлегацыя, у складзе якой віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка і амбасадар Беларусі ў Літве Валер Бараноўскі, іх суправаджае амбасадар Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас. Таксама ўжо прыбылі экс-прэзыдэнты Літвы Даля Грыбаўскайце і Валдас Адамкус.

22 лістапада 2019 года віленскія ўрачыстасьці перапахаваньня Кастуся Каліноўскага

У цэнтры: віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка, зьлева ад яго амбасадар Беларусі ў Літве Валер Бараноўскі, справа — амбасадар Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас

12.15 Уваход у касьцёл зачыняюць — хутка маюць прыбыць афіцыйныя дэлегацыі ўладаў Літвы, Польшчы, Беларусі, Украіны і Латвіі. Прыблізна праз паўтары гадзіны пасьля пачатку імшы труны вынясуць з касьцёлу, парэшткі Каліноўскага і Серакоўскага панясуць на могілкі Росы.

12.05 Мінабароны Беларусі тым часам тлумачыць, што не накіравала роту ганаровай варты ў Вільню і ня зладзіла там урачысты салют, бо гэта «не ўяўляюцца магчымым». Іншых тлумачэньняў у афіцыйным адказе няма.

11.45 Віцэ-канцлер ураду Літвы Дэйвідас Матулёніс расказаў Свабодзе, што літоўскі бок запрасіў беларускіх прадстаўнікоў некалькі месяцаў таму – атрымалі адказ толькі на мінулым тыдні, што будзе ўдзельнічаць віцэ-прэм’ер. Яму будзе дадзенае слова пасьля прэзыдэнтаў. Ён спадзяецца, што прамова прадстаўніка Беларусі будзе на беларускай мове. Афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў аб магчымасьці перапахаваньня Каліноўскага ў Беларусі не паступала, адзначыў ён, але для беларускіх турыстаў абяцаюць зрабіць усё магчымае, каб яны маглі пакланіцца Каліноўскаму і сваім героям на могілках Росы. Магілы паўстанцаў будуць мець статус дзяржаўнага пахаваньня.

22 лістапада 2019 года віленскія ўрачыстасьці перапахаваньня Кастуся Каліноўскага

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч

11.35 На плошчы перад Катэдральным касьцёлам зьявілася першая арганізаваная калёна палякаў. Таксама на плошчы і ў касьцёле ёсьць людзі з украінскімі сьцягамі.

11.15 Цырымонію ў Вільні маюць наведаць прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. На запрашэньне ўраду Літвы прыехалі і старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, і першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Прыехалі і лідэры апазыцыйных беларускіх партыяў Мікола Статкевіч, Уладзімер Някляеў, Павал Севярынец, Аляксей Янукевіч, палітык Лявон Баршчэўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мастакі Алесь Пушкін і Гэнік Лойка… Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка тым часам будзе праводзіць у Віцебску нараду па разьвіцьці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласьці, а ў Вільні Беларусь прадстаўляе віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка.

10.50 Адна зь беларускіх наведніц цырымоніі расказвае, што «яшчэ многія беларусы стаяць на мяжы, многія бязь візаў — ня ўсім пашчасьціла сюды трапіць».

22 лістапада 2019 года віленскія ўрачыстасьці перапахаваньня Кастуся Каліноўскага

10.45 Прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Рымантас Янкаўскас, які кіраваў раскопкамі на гары Гедзіміна, у эфіры Свабоды расказаў, што для ідэнтыфікацыі паўстанцаў выкарыстоўвалі і дасьледаваньні ДНК, і параўнаньне парэшткаў з фота, і мэтад супастаўленьня з гістарычнымі зьвесткамі, і выключэньня. Усе магчымыя месцы на гары ўжо дасьледаваныя і перакапаныя, адзначыў ён. Тым часам на плошчы перад касьцёлам яшчэ багата людзей чакаюць сваёй чаргі разьвітацца з паўстанцамі.

10.25 Цырымонія пахаваньня паўстанцаў — у галоўных навінах на сайтах Tut.by, Onliner.by, «Нашай нівы», «Белсату», «Эўрарадыё»… Але навінаў пра цырымонію зусім няма на галоўных старонках дзяржаўных выданьняў БелТА, «СБ. Беларусь сегодня», «Звязда» і Белтэлерадыёкампаніі. У Вільні ж беларусы дамінуюць па колькасьці і сярод наведнікаў, і сярод журналістаў. Абноўлена: у 11:02 навіна пра цырымонію зьявілася на сайце дзяржаўнага тэлеканалу АНТ.

10.15 Зьбіраем фота нашых карэспандэнтаў тут, галерэя будзе абнаўляцца.

22 лістапада 2019 года віленскія ўрачыстасьці перапахаваньня Кастуся Каліноўскага

10.05 Пачалася адкрытая цырымонія грамадзкага разьвітаньня. Любы ахвочы можа падысьці да трунаў паўстанцаў у Катэдральным касьцёле. А каля ўваходу ў касьцёл, піша блогер Эдуард Пальчыс, фармуецца беларуская калёна, пачынаюць раздаваць бел-чырвона-белыя сьцягі і сьцяжкі.

9.45 Труны з парэшткамі паўстанцаў унесьлі ў Катэдральны касьцёл. Спачатку цырымоніі там будзе праходзіць адкрытае разьвітаньне — зайсьці зможа любы ахвочы. Пад касьцёлам шмат людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі — беларуская «грамадзкая дэлегацыя» самая масавая, хоць з афіцыйнага боку краіну прадстаўляе віцэ-прэм’ер. Труну Каліноўскага несьлі польскія вайскоўцы.

22 лістапада 2019 года віленскія ўрачыстасьці перапахаваньня Кастуся Каліноўскага

***

Мы пакажам перанос трунаў з парэшткамі паўстанцаў з Палаца валадароў ВКЛ у віленскі Катэдральны сабор і цырымонію грамадзкага разьвітаньня.

У нашым эфіры вы пабачыце гутаркі з нашчадкамі паўстанцаў, беларускімі, польскімі і літоўскімі гісторыкамі, чальцамі Рады БНР, чыноўнікамі, сьвятарамі, прадстаўнікамі беларускай грамадзкасьці і проста ўдзельнікамі ўрачыстасьці.

У нас вы таксама пабачыце Сьвятую імшу з удзелам беларускага, літоўскага і польскага біскупаў, выступы прадстаўнікоў вышэйшага кіраўніцтва Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны.

Нашыя журналісты пройдуць шлях у 3 кілямэтры разам з працэсіяй на віленскія могілкі Росы, дзе парэшткі паўстанцаў будуць пахаваныя ў капліцы.

22 лістапада 2019 года віленскія ўрачыстасьці перапахаваньня Кастуся Каліноўскага

22 лістапада 2019 года віленскія ўрачыстасьці перапахаваньня Кастуся Каліноўскага

Радыё Свабода