Кампанія «Права выбару-2015» судзіцца з Цэнтравыбаркамам
Скарга на бязьдзейнасьць дзяржаўнага органа па арганізацыі выбараў накіраваная ў суд Маскоўскага раёну Менску.
Паседжаньне Цэнтральнай выбарчай камісіі, архіўнае фота 2012 году
Пазоўнікі просяць абавязаць ЦВК даць матываваны адказ на калектыўныя прапановы па зьмяненьні заканадаўства, якія былі пададзеныя 7 красавіка, а таксама аднавіць прапушчаны з паважных прычын тэрмін падачы скаргі ў суд.
Адзін з каардынатараў кампаніі «Права выбару-2015» Дзяніс Садоўскі заявіў, што Цэнтравыбаркам і Камітэт дзяржкантролю праявілі поўную непавагу да ініцыятараў звароту:
«Мы ня будзем мірыцца з тым, што нас цалкам ігнаруюць і парушаюць заканадаўства, таму і падалі скаргу ў суд. У сваёй працы мы выкарыстоўваем усе законныя мэтады, каб дабіцца з боку Цэнтравыбаркаму выкананьня законаў Рэспублікі Беларусь. Калі ж ЦВК адмаўляецца гэта рабіць, то мы будзем інфармаваць грамадзян краіны пра гэтыя факты, каб людзі самі маглі зрабіць выснову пра сумленнасьць выбараў».
7 красавіка 2015 году на адрас Цэнтравыбаркаму былі адпраўленыя калектыўныя прапановы па зьмяненьні заканадаўства. Аднак, насуперак патрабаваньням арт. 17 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў» Цэнтравыбаркам ня даў ніякага адказу ў вызначаны законам пятнаццацідзённы тэрмін.
1 чэрвеня ў сувязі з парушэньнем Цэнтравыбаркамам тэрмінаў адказу на калектыўны зварот была накіраваная скарга ў Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь з заявай аб прыцягненьні вінаватых службовых асобаў да адміністратыўнай адказнасьці за зьдзейсьненае правапарушэньне, прадугледжанае арт. 9.13 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях.
У кампанію па назіраньні за выбарамі «Права выбару-2015» уваходзяць восем арганізацыяў: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, «Гавары праўду», рух «За свабоду», Партыя БНФ, Беларуская партыя «Зялёныя», незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасьці, аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу.
Галоўная мэта кампаніі — абарона сапраўднага волевыяўленьня грамадзян шляхам прадухіленьня парушэньняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыя парушэньняў і апэратыўнае рэагаваньне на іх.