Канфлікт у Руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць»

Сур’ёзны ўнутраны канфлікт узнік у незарэгістраваным Руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць». Пасля таго, як у знак пратэсту за падтрымку і сяброўства Уладзіміра Някляева ў Беларускім Кангрэсе дэмакратычных сіл і ягонай паездкі ў Брусель падалі заявы на выхад каардынатар Язэп Бурко ды намеснік старшыні Дзмітрый Вінаградаў. Рада Руху, нібы, забараніла старшыні прымаць удзел у працы кангрэса і рабіць заявы ад імя арганізацыі.

Я звязаўся з Кобрынам, дзе жыве «галоўны ўзбуджальнік спакою», сябра рады Аляксандр Мех (на фота).

Аляксандр Мех: Я лічу, што наш Рух быў абвешчаны на Кангрэсе за незалежнасць 21 снежня 2014 года. Спадар Някляеў прыйшоў да нас праз паўгода толькі.

РР: Вы хочаце сказаць, што ён не з’яўляецца заснавальнікам?

— Так. З’яўляюцца тыя людзі, што былі са мной на Кангрэсе.

РР: А Мікола Статкевіч перахапіў ініцыятыву, па-Вашаму?

— Галоўнае — была падмененая павестка дня. Меркавалася, што павінны прагучаць адказы на тое, што рабіць людзям у гэтай складанай эканамічнай і палітычнай сітуацыі. Пра тое, ці трэба браць удзел і ў якім фармаце ў парламенцкіх выбарах.

РР: Але ж асноўныя палітычныя партыі кангрэс не падтрымалі…

— Насамрэч і гэта другасныя пытанні. Асноўнае, што мусіла быць вынесенае — мы не прызнаем пазыкі, што ўзяў урад Лукашэнкі. Другое: не прызнаем пагадненні пра продаж беларускай маёмасці. Аднак, гэтыя пытанні не былі пастаўленыя. А мы былі адхіленыя ад арганізацыі кангрэса дэмсілаў.

РР: Гэта дастаткова дзіўна выглядае, бо сустаршыні кангрэса Станіслаў Шушкевіч ды Мікола Статкевіч з’яўляюцца адначасова і заснавальнікамі Вашага Руху. А яшчэ Святлана Алексіевіч, Генадзь Фядыніч, Лявон Баршчэўскі. А той жа Статкевіч, у тым ліку у эфіры нашага радыё, неаднаразова заклікаў да ўваходжання і працы ў рамках кангрэса дэміл. Што перашкаджала?!

— Яны зрабілі кангрэс не пад ідэі, а пад асобы. Прызначылі нейкі пастаянна дзеючы орган. Мэта – атрымаць фінансаванне. Таму адразу і з’ехалі ў Брусель. А нас адхілілі ад усяго гэтага…

Пакінем на сумленні Аляксандра Меха блытанасць тлумачэнняў наконт “не запрашэння да працы”. Тут нельга не прыгадаць гісторыю пытання. Першым “кангрэсам” варта лічыць Усебеларускі сход за незалежнасць, арганізаваны яшчэ ў 2000-м прафесарам Грыцкевічам, паэтамі ды грамадскімі дзеячамі Генадзем Бураўкіным ды Рыгорам Барадуліным. Што, зразумела на 14 год раней і памянёнага Кангрэса Алега Трусава і ТБМ. І галоўнае-ткі — палажэнні Акта незалежнасці-2000 акурат і леглі ў аснову дзейнасці ствараемага «За дзяржаўнасць і незалежнасць».

Сітуацыю каментуе лідар Руху, паэт і палітык Уладзімір Някляеў.

Уладзімір Някляеў

Уладзімір Някляеў: Ніякага развалу нямашака, бо ў Руху сёння не адзінкі, не дзесяткі, а тысячы людзей. Паверце, ёсць калектыўныя сябры, творчыя саюзы, замежныя арганізацыі. Дарэчы, чаго ніколі не было — бяруць удзел прадстаўнікі беларускіх дыяспар у ЗША з суполак у Нью-Джэрсі, Новым Ёрку, Майамі. Хлопцаў, што кажуць пра развал, усяго чацвёра — таму развальвацца не выпадае! Я ніякім чынам не збіраюся адхіляць ад Руху гэтых людзей. Ім хацелася б, відаць, нечага больш канкрэтна-дабротнага. Вядома, многія маюць досвед удзелу ў розных кампаніях, калі яны мелі пэўнае матэрыяльнае напаўненне. Я ж адразу сказаў: хлопцы-дзеўкі, у нас ніхто за дзяржаўнасць і незалежнасць за грошы змагацца не будзе. Нехта паверыў і адразу адышоў, а нехта падумаў , што я «фліртую». Увогуле, гэта адна з істотных праблем нашага дэмакратычнага руху. І за час знаходжання ў апазіцыі я прыйшоў да яснай і простай высновы — пакуль будзе працягвацца «грантавая» палітыка, апазіцыя з тае пасткі, у якую патрапіла, не выберацца! Бо рашэнні ў такім варыянце прымаюцца не на падставе агульных інтарэсаў руху, народу, краіны, а пад уплывам вось такіх асабістых інтарэсікаў…

У бліжэйшых планах старшыні Руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць» Уладзіміра Някляева застаецца яго рэгістрацыя як міжнароднага аб’яднання.

Слухайце тут >>>

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя