Кароткае спатканьне з Арцёмам Пракапенкам прызначана на лістапад
Пра гэта «Свабодзе» паведаміла маці палітвязьня Віялета Пракапенка. Ёй пра падпісанае спатканьне сын паведаміў у апошнім тэлефонным званку.
«Ён пісаў заяву, каб дазволілі на 8 лістапада спатканьне з намі, кароткае. Дык, здаецца, падпісалі заяву. Тады паедзем і ўбачымся. А гэтак усё спакойна, кажа, бязь ціску, ціха.»
Апошні раз маці бачыла сына ў ліпені, таксама падчас кароткатэрміновага спатканьня. Доўгатэрміновае спатканьне з Арцёмам Пракапенкам, якое плянавалася на сьнежань, адміністрацыя магілёўскай калёніі № 15 не дазволіла. Прычын Віялета Пракапенка ня ведае.
Арцём Пракапенка пакараны на 7 гадоў пазбаўленьня волі за напад на будынак КДБ у Бабруйску. 17 кастрычніка споўнілася 3 гады з часу гэтага інцыдэнту. Арыштавалі Арцёма Пракапенку праз 3 месяцы, у студзені 2011 году. «Яшчэ і трох гадоў не адбыў», — кажа Віялета Пракапенка пра сына-палітвязьня.