Кіраўнік дэлегацыі ЗША на канферэнцыі АБСЕ сустрэўся з беларускай апазіцыяй
Сітуацыю ў Беларусі актыўна абмяркоўваюць на Канферэнцыі АБСЕ ў чалавечым вымярэнні, якая праходзіць гэтымі днямі ў Варшаве.
Сёння кіраўнік амерыканскай дэлегацыі на Канферэнцыі АБСЕ ў чалавечым вымярэнні, старэйшы дырэктар у правах чалавека і дэмакратыі ў Інстытуце Маккейна Дэвід Крэмер сустрэўся з лідарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэем Саннікавым, галоўнай рэдактаркай сайта charter97.org Наталляй Радзінай і судырэктарам Беларускага дома Уладзімірам Кобецам.
«Мы растлумачылі, што выбары ў Беларусі ладзяцца толькі для таго, каб прадаць рэжым Лукашэнкі на Захад. Відавочна, што на «выбарах» не будзе прыходу – людзі не вераць, што гэты спектакль прывядзе хоць да нейкіх паляпшэнняў і чакаюць толькі пагаршэння сітуацыі. Мадэль кіравання Лукашэнкі даўно збанкрутавала, дыктатар можа кіраваць толькі з ужываннем гвалту і адміністрацыйных захадаў.
Сёння ўся апазіцыя выступае за байкот выбарчага фарсу, і гэта павінна служыць крытэрыем ацэнкі «выбараў» з боку Захаду, перш за ўсё, Еўропы.
У краіне расце колькасць людзей, якія хочуць пераменаў. Нельга прапусціць чарговы шанец на змену сітуацыі ў Беларусі», – сказаў пасля сустрэчы сайту charter97.org Андрэй Саннікаў.
ФОТА: АЛЯКСАНДР КУПМАН