Мікалай Статкевіч: Улады дзейнічаюць, як тэлефонныя хуліганы
Палітыка выклікаюць у суд Цэнтральнага раёну Менску – без афіцыйнай позвы, на падставе званка і SMS на мабільны тэлефон.
Пра гэта кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, былы палітвязень Мікалай Статкевіч распавёў у інтэрв\’ю сайту charter97.org.
– Стала вядома, што вас выклікаюць 22 верасня ў суд у сувязі з правядзеннем 10 верасня каля ГУМа пікета «За сумленныя і справядлівыя выбары». Як вы пракаментуеце гэтую інфармацыю?
– Па-першае, я не ўпэўнены, што мяне выклікаюць у суд, і ў мяне няма ніякіх доказаў гэтаму. На мінулым тыдні мы з жонкай адпачывалі, а па вяртанні, у аэрапорце, я атрымаў SMS без выходнага нумара, дзе нібыта ад імя суда Цэнтральнага раёна горада Менска запрашаюць у гэты самы суд 22 верасня а 10.00 для разгляду справы паводле пратакола ад 10 верасня.
Пасля гэтага яшчэ патэлефанаваў на мабільны тэлефон нейкі малады мужчына і таксама пачаў казаць, што я заўтра павінен з\’явіцца ў нейкі суд. Ніякіх доказаў, што гэта напраўду запрашэнне суда – няма. Ніякай позвы па ўстаноўленай форме і ў вызначаныя законам тэрміны я не атрымліваў.
Я маю права меркаваць, што SMS мне скінуў хакер, а патэлефанаваў – пранкер. А паколькі я не Аляксандр Лукашэнка і не Уладзімір Пуцін – я не паддамся болей на правакацыю пранкера. Чакаю сапраўднай позвы ў суд.
– А што, на вашу думку, стаіць за такімі дзеяннямі ўладаў?
– Напраўду, уся гэтая гісторыя сведчыць аб тым, што ўлада адчула, што страх у грамадстве памяншаецца. І яе гэта вельмі палохае: а раптам на сустрэчу 23 верасня на Плошчу Свабоды да 18.00, куды запрошаны і Лукашэнка, прыйдзе некалькі тысяч чалавек, а на наступную – ужо дзясяткі тысяч.
Спалохаліся – і спрабуюць збіць гэтую хвалю. У нас бывала такое: адзін атрымлівае адміністрацыйны штраф у судзе, а астатнія баяцца і сядзяць дома. Вось каб так не атрымалася, я заклікаю людзей: я не баюся – і вы не бойцеся, прыходзьце, усё будзе добра. Абмяркуем: што гэта за чалавек і чым для нас павярнуўся 21 год ягонага праўлення.
Нагадаем, што Мікалай Статкевіч запрасіў Лукашэнку на сустрэчу з выбаршчыкамі 23 верасня а 18.00 на плошчы Свабоды. Пытанні апублікаваныя на сайце Мікалая Статкевіча і тычацца адказнасці беларускага дыктатара за неканстытуцыйнае падаўжэнне ўласных паўнамоцтваў, невядомасць лёсаў зніклых палітыкаў, эканамічнае становішча і сацыяльную сітуацыю ў краіне і русіфікацыю беларусаў.
У выпадку нез\’яўлення Лукашэнкі на сустрэчу або рэпрэсій супраць яе ўдзельнікаў, Мікалай Статкевіч прапаноўвае ўважаць, што дыктатар адказаў на пытанні сцвярджальна і прызнаў сваю адказнасць за становішча спраў у краіне.