Колькі ў Беларусі палітвязьняў?

Колькі ў Беларусі палітвязьняў? Гэтае пытаньне зноў узьнікла ў сувязі з інтэрвію міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея, якое ён даў агенцтву БелаПАН. Паводле БелаПАН, спадар Макей заявіў, што Эўразьвяз дагэтуль ня можа вызначыцца з колькасьцю палітвязьняў у Беларусі.

Як на гэта сьцьвярджэньне рэагуюць у Эўразьвязе?

«Спачатку была лічба 11, потым 8, 9, 5… Зараз мы так і ня ведаем, пра якую колькасьць ідзе гаворка. Апошняя лічба… што нібыта 5 чалавек», — адзначыў Уладзімер Макей, гаворачы пра палітвязьняў.

Ці праўда, што Эўразьвяз ня можа вызначыцца з колькасьцю беларускіх палітвязьняў, вызваленьня якіх патрабуе ад уладаў Беларусі? Супрацоўнік прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі перадаў Свабодзе наступны адказ:

«Наш адказ — шмат разоў засьведчаная раней пазыцыя Эўразьвязу не зьмянілася: пэўныя лічбы называцца ня будуць».

А колькі палітвязьняў называюць беларускія праваабаронцы? Кіраўніца беларускага «Дому правоў чалавека» ў Літве, праваабаронца зь «Вясны» Тацяна Равяка кажа пра 8 чалавек, сярод якіх ёсьць падзел на 6 і 2.

Тацяна Равяка

«Беларускія праваабаронцы лічаць палітвязьнямі 8 чалавек. У адносінах да 6 патрабуецца безумоўнае і неадкладнае вызваленьне, адносна яшчэ двух — перагляд спраў справядлівым судом. Але я не магу сказаць, як на гэты конт вызначылася Эўропа. Гэтае пытаньне трывала ўзьнікае, калі ідзе размова пра вызваленьне палітвязьняў. Мы ўвесь час пытаемся: колькі чалавек і каго лічыць Эўразьвяз палітвязьнямі? Гэта прынцыпова, відаць, і для афіцыйнага боку, які можа сказаць, што не разумее, каго вызваляць. Таму мне такая пазыцыя здаецца слабою.

Што да лічбы ў 5 чалавек… Магу сказаць, што, паводле нашых зьвестак, ня ўсіх, каго палітвязьнямі лічаць беларускія праваабаронцы, лічаць такімі ў Эўразьвязе. Яшчэ ёсьць пазыцыя „Міжнароднай амністыі“, якая вызначае не палітвязьняў, а вязьняў сумленьня. Гэта вузейшае паняцьце. Тут яны называюць толькі трох чалавек».

Паводле Тацяны Равякі, гаворка пра Мікалая СтаткевічаАлеся Бяляцкага і Эдуарда Лобава. Лічба ў 5 чалавек, пра якую казаўУладзімер Макей, склалася, як мяркуе праваабаронца Тацяна Равяка, пасьля таго, як да трох пералічаных вязьняў дадаліся актывісты анархісцкага руху Ігар Аліневіч і Мікалай Дзядок. У сьпіс, на якім настойваюць беларускія праваабаронцы, да гэтых пяці трэба дадацьВасіля Парфянкова, а таксама Яўгена Васьковіча і Арцёма Пракапенку. Менавіта адносна Васьковіча і Пракапенкі, удакладняе Тацяна Равяка, праваабаронцы настойваюць на пераглядзе судовай справы:

«Яны ў судзе прызналі свае гвалтоўныя дзеяньні, што кідалі „кактэйлі Молатава“ ў будынак КДБ у Бабруйску. Мы лічым, што ў дзеяньні гэтых маладых людзей быў склад правапарушэньня. Але прысуд ім быў абсалютна непрапарцыйны ўчыненаму і павінен быць перагледжаны».

Паводле Тацяны Равякі, вызваленьні палітвязьняў, якія адбыліся ў канцы мінулага году і сёлета, аніяк нельга назваць саступкай беларускіх уладаў у выніку ціску Захаду. «І Дашкевіч, і Аўтуховіч, і Гайдукоў выйшлі на волю, бо скончыўся іхні тэрмін», — нагадала праваабаронца.

Аляксей Янукевіч
Лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць натуральнай сытуацыю, калі лічбы палітвязьняў розьняцца, бо гэта вызначаюць розныя групы. Сам палітык аддае перавагу меркаваньню беларускіх праваабаронцаў:

«Мяркую, спадар Макей крывіць душой, калі кажа, што няясная гэта лічба, таму незразумела, чаго тут ад нас хочуць. Бо ёсьць такія асобы, як Алесь Бяляцкі, як Мікола Статкевіч, па якіх ёсьць пэўнае аднадушша. І калі ёсьць жаданьне, каб палепшыць стасункі з Эўразьвязам, каб распачаўся дыялёг унутры краіны, гэтыя людзі павінны быць на волі. А потым, калі яны будуць на волі, можна весьці размовы і пра тых, адносна каго ёсьць сумневы. Але сёньня мы бачым, што людзі, якія ўсімі прызнаюцца за палітвязьняў, усё роўна застаюцца за кратамі. Гэта сьведчыць, што абсалютна няма палітычнай волі да іх вызваленьня ў беларускіх уладаў».