Копія заявы пра абвяшчэнне галадоўкі Юрыем Рубцовым (фотадакумент)

Да праваабаронцаў патрапіла копія заявы палітзняволенага Юрыя Рубцова пра абвяшчэнне ім галадоўкі, якую, па-ранейшаму, не жадае рэгістраваць кіраўніцтва спецкамендатуры №7.

Юрый Рубцоў, які адбывае пакаранне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна, галадае з 22 студзеня. Тым не менш афіцыйна галадоўка адміністрацыяй камендатуры не зарэгістраваная.

Не зафіксана гэта і ў медычнай установе.

Між тым, кіраўніцтва камендатуры атрымала 24 студзеня заяву Рубцова, дзе ён указвае не толькі прычыну галадоўкі, але і патрабуе яе афіцыйнай фіксацыі як камендатурай, так і медычнай установай.

У заяве ён папярэджвае начальніка папраўчай установы адкрытага тыпу №7 аб тым, што копія гэтага дакумента “знаходзіцца ў вядомых мне праваабаронцаў”.

Копія заявы пра абвяшчэнне галадоўкі Юрыем Рубцовым (фотадакумент)

Нагодай для галадоўкі Юрый Рубцоў называе адсутнасць працы з афіцыйным сярэднім заробкам 600 долараў. Актывіст таксама вылучыў патрабаванне даць гадзіну тэлеэфіру для апазіцыі ў перадвыбарчы год, згодна з арт 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

У кастрычніку 2014 года суддзя Цэнтральнага суда Менска Наталля Вайцеховіч пакарала Юрыя Рубцова паўтара гадамі «хіміі» за знявагу суддзі Кірыла Палулеха.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускі Хельсінскі камітэт заявілі, што абмежаванне волі Юрыя Рубцова ў папраўчай установе адкрытага тыпу дае падставы кваліфікаваць яго як палітычнага вязня.

spring96.org