Асабістая думка

Краіну незваротна вольнай робіць стварэнне ў ёй грамадзянскай супольнасці

Шмат разоў чуў слушную думку, што краіну незваротна вольнай робіць стварэнне ў ёй грамадзянскай супольнасці. Па іншаму – супольнасці актыўных адказных грамадзянаў.

Магу дадаць, што нідзе такая супольнасць не ахоплівае большасць насельніцтва. Пытанне ў памерах грамадзянска актыўнай меньшасці, пры якіх немагчыма ператварэнне грамадства ў пакорлівы натоўп.

У дэмакратычных развітых краінах дзяржаўныя інстытуцыі ўсяляк спрыяюць развіццю грамадзянскай супольнасці. У недэмакратычных – улады перашкаджаюць ёй, бо любое самастойнае аб\’яднанне грамадзянаў успрымаюць, як пагрозу існуючаму ладу. Правячым там рэжымам патрэбна атамізаванае грамадства, няздольнае аб\’яднацца дзеля змагання за свае правы.

Напрыклад, беларускі рэжым арыштоўваў з дапамогай ОМОНа нават тых маладых людзей, якія арганізаваліся, каб накарміць бездомных, ці сабраць смецце ў парку ды паслухаць экалагічную лекцыю. Кіраўнік рэжыма 20 год настойліва змагаўся супраць фармавання такой формы супольнасці, як беларуская нацыя. Чым нават паставіў пад пагрозу само існаванне дзяржавы, якую лічыць сваёй уласнасцю.

Перад нашай краінай стаіць задача фармавання дастатковай па колькасці грамадзянскай супольнасці насуперак перашкодам з боку рэжыма. Шляхі вырашэння гэтай задачы вядомыя. Я не пра штучна арганізаваныя па прыкладу замежных грамадскія арганізацыі, хоць яны і выконваюць важную функцыю падрыхтоўкі кадраў.

Усё пачынаецца з “людзей слова”, якія выкрываюць несправядлівасці, ствараюць у часткі людзей жаданне змяніць сітуацыю, апелюючы да іх маральнага пачуцця, абуджаюць імкненне да ідэалаў. У беларусаў былі і ёсць такія “будзіцелі”, пачынаючы ад Мацея Бурачка, ў мінулым, да сённяшніх Алексіевіч, Арлова, Вольскага, Марачкіна, Марціновіча, Някляева. На шчасце, гэты спіс можна працягваць яшчэ доўга, дадаўшы ў яго, акрамя іншых паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў, музыкыў і філосафаў, некаторых сённяшніх незалежных журналістаў.

Але адных слоў і ідэй зараз мала. Свет цяпер перапоўнены словамі і ідэямі. Таму за словамі павінен быць прыклад, павінны быць справы. Без учынкаў, якія б даказвалі важнасць ідэалаў, яны застануцца толькі словамі. Бо ўсё ў свеце, у тым ліку ідэалы, каштуюць роўна столькі, сколькі за іх гатовы заплаціць.

Калі казаць пра жыццёва важную зараз задачу дафармавання і ўмацавання такой супольнасці, як беларуская нацыя, то мы ўжо маем не толькі ў мінулым, але і ў сённяшні час дастаткова шмат неабходных прыкладаў і учынкаў. Ад вядомых герояў, як Зміцер Дашкевіч, да тых дзесяткаў тысячаў беларусаў, якія насуперак страху і пагрозам выходзілі на акцыі ў абарону свабоды і незалежнасці.

Дыктатура прадукуе страх і подласць. Яна апелюе да нізкіх пачуццяў, абуджае іх і робіць масавымі.  

Таму нават тыя некалькі дзесяткаў патрыётаў, якія рызыкуючы выходзяць сёння на плошчу пад забароненым нацыянальным сцягам, не толькі бароняць і пашыраюць свае ідэалы. Сваім ідэалізмам яны ратуюць грамадства ад маральнай гангрэны. Яны ствараюць нацыю і грамадзянскую супольнасць.

Мікалай Статкевічfacebook.com