Навіны

"Крымінальныя юбілеі" Мікалая Статкевіча

“У гэтым месяцы ў мяне два “крымінальныя юбілеі”, – узгадаў кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, палітвязень Мікалай Статкевіч ў лісце да жонкі:

Ужо кастрычнік – неяк вельмі хутка.

Увогуле, час ідзе так, што толькі тыдні мільгаюць. У гэтым месяцы ў мяне два крымінальныя юбілеі. 17.10 – 15 год са дня Маршу свабоды і, адпаведна, маёй другой крымінальнай справы. Першая была за дэманстрацыю 27.07.1999 г. Потым яе аб\’ядналі з другой.

Час тады быў страшненькі. Пачалі знікаць дэмакратычныя лідары, была створана “саюзная дзяржава” і справа ішла да страты незалежнасці.

На Марш выйшла, па розным ацэнкам, ад 30 да 60 тысяч чалавек. Дэманстрацыю вырашыў тады па праспекце не весці, а абыйсці цэнтр па Першамайскай у бок вакзала. Бо 27.07.99 г. праспект ужо каля цырка “лініяй абароны” са шчытамі перагароджвалі. Пры такой колькасці дэманстрантаў сутыкненні былі б вельмі верагоднымі і небяспечнымі, бо значная частка людзей знаходзілася б падчас іх на мосце праз Свіслач.

Але прайсці паўз цэнтр не атрымалася, бо ўлады паспелі перамясціць спецназ з-пад цырка і закрыць мост праз Свіслач на Першамайскай. Мусіў разварочваць калону. Але, калі дэманстрацыя развярнулася, спецназ напаў на яе ззаду. А ззаду якраз апынулася актыўная частка калоны. І тратуары там пліткай укладвалі. Людзі і схапіліся за тую плітку. Былі параненыя з абодвух бакоў. Але рашучасць людзей была паказаная настолькі вялікай, што пасля Маршу свабоды выкраданні палітыкаў спыніліся. А “інтэграцыйная” рыторыка ўлады стала мяняцца на “незалежніцкую”.

З “Валадаркі” я тады выйшаў пасля галадоўкі. І яшчэ два гады па судам цягалі. Але на “хімію” адправілі за абсалютна мірную дэманстрацыю пасля рэферэндума, які быў 10 гадоў таму, і які зняў абмежаванне, што адзін чалавек не можа займаць пасаду прэзідэнта болей двух тэрмінаў.

Калі не памыляюся, гэта было 19.10.2004 г. Дэманстрацыю тую не рыхтавалі, таму сабралася 5-7 тыс. чалавек. Але ж змаўчаць той рэферэндум – сябе не паважаць было.
Вось такое багатае крымінальнае мінулае Улыбаюсь

За ўдзел у Маршы свабоды 1999 году Мікалай Статкевіч быў арыштаваны, трымаў у СІЗА галадоўку, паводле прысуду атрымаў вялікі штраф. А праз 5 год, за арганізацыю ў 2004-м годзе дэманстрацыі супроць рэфэрэндуму, які дазволіў Лукашэнку абірацца на прэзыдэнта больш як на 2 тэрміны, палітыка пакаралі 3-мя гадамі «хіміі». Пра тыя крымінальныя справы і ўзгадвае Мікалай Статкевіч ў магілёўскай турме. Там палітыка трымаюць паводле прысуду ў 6 год нібыта за арганізацыю масавых непарадкаў ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.

Мікалай Статкевіч – апошні вязень Плошчы, які ўсё яшчэ знаходзіцца за кратамі