Лідары апазіцыі адмовіліся ўдзельнічаць у «выбарах»
Прадстаўнікі арганізацый, якія ўваходзяць у Раду Беларускага нацыянальнага кангрэсу, выступілі з заявай.
Прыводзім яе тэкст цалкам:
«Беларусі неабходныя свабодныя, дэмакратычныя выбары. Гэта найпершая ўмова палітычных і эканамічных рэформаў, пераходу ад аўтарытарызму да дэмакратыі мірным шляхам. Мы намагаем і патрабуем менавіта такіх выбараў, бо гэта пытанне выжывання краіны, захавання яе дзяржаўнасці і незалежнасці.
Мы да апошняга спадзяваліся, што ўлада ўсведамляе ўсю сур\’ёзнасць сітуацыі, у якой знаходзіцца сёння Беларусь. Але, на жаль, цяперашні палітычны рэжым зноў вырашыў захаваць самога сябе, прапанаваўшы народу не выбары, а фарс. Уся адказнасць за наступствы такога рашэння кладзецца на ўладу. Удзельнічаць у выбарчым фарсе, садзейнічаць уладзе ў падмане народа, падзяляць адказнасць за згубную для краіны палітыку мы адмаўляемся.
Дамагчыся свабодных, справядлівых выбараў можна толькі ціскам на рэжым – усім беларускім грамадствам. Без барацьбы за дэмакратыю беларусы не могуць разлічваць на дзейсную салідарнасць міжнародную супольнасць.
Адмаўляючыся ад удзелу ў чарговым палітычным спектаклі, мы заяўляем аб сваёй рашучасці дамагацца сапраўдных выбараў і аб\’яўляем пра рашэнне правесці 12 верасня ў Менску масавую акцыю з іх патрабаваннем.
Жыве Беларусь!
Станіслаў Шушкевіч, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада
Мікалай Статкевіч, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада)
Андрэй Саннікаў, грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь»
Уладзімір Някляеў, рух «За дзяржаўнасць і незалежнасць»
Зміцер Дашкевіч, «Малады Фронт»
Вячаслаў Сіўчык, рух салідарнасці «Разам»
Вацлаў Арэшка, «Беларускі рух»
Раней, нагадаем, пра адмову ад удзелу ў «парламенцкіх выбарах» заявіў лідар Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.
Рада БНК заявіла, што ў Беларусі рыхтуецца чарговы выбарчы фарс.